Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прэс-сакратар Апостальскай Сталіцы распавёў аб працы ватыканскіх СМІ
Дзяржава Ватыкан
08.09.2016 12:12

У эпоху сацыяльных сетак, якая характарызуецца хуткасцю, важна, каб Зала Друку паведамляла навіны не толькі ясна і дакладна, але і як мага хутчэй.

Пра гэта на сустрэчы з удзельнікамі міжнароднага семінара для прафесійных журналістаў, арганізаванага Папскім універсітэтам Святога Крыжа, 7 верасня распавёў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, Грэг Бёрк падкрэсліў, што прысутнасць Папы ў сацыяльных сетках з’яўляецца важным знакам жадання Касцёла дасягнуць усіх людзей і дзе гэта толькі магчыма. Паводле яго слоў, менавіта да гэтага Пантыфік падштурхоўвае ватыканскія СМІ.

Прэс-сакратар Апостальскай Сталіцы адзначыў, што галоўная мэта рэформаў ватыканскіх СМІ заключаецца ва ўмацаванні голасу Папы і Касцёла. Для гэтага трэба быць адкрытымі на новае і пераадолeць спакусу жыцця паводле прынцыпу «заўсёды так рабілася». Грэг Бёрк нагадаў, што працэс рэформы патрабуе часу, і з аптымізмам заўважыў, што ў ватыканскіх СМІ ёсць мноства таленавітых людзей.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Грэг Бёрк распавёў, што вера — гэта фундаментальны элемент для яго. Журналіст выказаў захапленне працай свайго папярэдніка на гэтай пасадзе а. Фэдэрыко Ламбардзі, які менавіта ў веры знаходзіў спакой, неабходны ў моманты самых цяжкіх выпрабаванняў.

Міжнародны семінар для прафесійных журналістаў праходзіць у Папскім універсітэце Святога Крыжа 5-11 верасня. Ён пакліканы дапамагчы прадстаўнікам СМІ больш кампетэнтна апавядаць пра тэмы, звязаныя з жыццём Касцёла і Ватыкана. У форуме прымаюць удзел 40 чалавек з 18 краін.

56-гадовы Грэг Бёрк, які нарадзіўся ў ЗША, працуе ў структурах Святога Пасаду з 2012 г., калі быў прызначаны кансультантам па пытаннях камунікацыі ў секцыі па агульных пытаннях Дзяржаўнага Сакратарыяту. З 21 снежня 2015 г. быў віцэ-дырэктарам Залы Друку Святога Пасаду. Валодае англійскай, італьянскай, іспанскай і французскай мовамі. Кіраўніком Залы Друку Папа Францішак прызначыў яго 11 ліпеня гг.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.