Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Юбілей папскіх дыпламатаў праходзіць у Ватыкане
Дзяржава Ватыкан
16.09.2016 14:12

У Ватыкане праходзіць Юбілей дыпламатычных прадстаўнікоў Святога Айца. У трохдзённай сустрэчы з нагоды Года Міласэрнасці прымаюць удзел 106 з 108 дзейсных Апостальскіх Нунцыяў.

Урачыстасці пачаліся 15 верасня Эўхарыстыяй у базыліцы св. Пятра, якую ўзначаліў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі Дзяржаўны Сакратар Папы кардынал П'етро Паралін. Затым нунцыі выслухалі дзве канферэнцыі: аб Касцёле ў сучасным свеце і выкліку гендэрнай культуры.

Раніцай 16 верасня адбылася працоўная сустрэча папскіх дыпламатаў з кіраўніцтвам Дзяржсакратарыяту. Затым яны праслухалі даклад старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынала Жана-Луі Тарана аб адносінах з ісламам. Вечарам нунцыі сустрэнуцца з кіраўнікамі дыкастэрый Рымскай курыі і пасламі, акрэдытаванымі пры Апостальскай Сталіцы з рэзідэнцыяй у Рыме.

17 верасня папскія дыпламаты збяруцца на Эўхарыстыі з Пантыфікам у капліцы яго ватыканскай рэзідэнцыі, пасля чаго выслухаюць духоўнае разважанне італьянскага тэолага, пісьменніка і кампазітара кс. П’еранджэло Сэквэры, старшыні Папскага інстытута Яна Паўла ІІ. Закончыцца святкаванне «Юбілею нунцыяў» спецыяльнай аўдыенцыяй у Папы Францішка, якая пройдзе ў Клементыйскай Зале Апостальскага Палаца.

Святы Пасад падтрымлівае дыпламатычныя адносіны са 180 дзяржавамі. Да іх трэба дадаць Еўрапейскі Саюз і Мальтыйскі Ордэн, а таксама Сталае прадстаўніцтва Дзяржавы Палесціна.

Заснаванне пастаянных Апостальскіх нунцыятур упершыню мела месца ў канцы XV стагоддзя. Стабільную форму набыло ў XVI ст. у час пантыфікату Грыгорыя ХІІІ (1572–1585) і працягвае развівацца да нашых часоў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.