Святы Пасад за поўную забарону ядзернай зброі |
Дзяржава Ватыкан |
28.09.2016 11:10 |
Іерарх нагадаў пра неаднаразовыя заклікі Пантыфікаў да эфектыўнай праскрыпцыі і недапушчэння атамнай вайны, а таксама «ўзаемнага тэрору» праз гонку ўзбраенняў. Святы Пасад лічыць, што ядзерная зброя прапануе «ілжывае пачуццё бяспекі», а крохкі мір, абяцаны ядзерным стрымліваннем, не што іншае, як ілюзія. Як было адзначана, мір і міжнародная стабільнасць не могуць быць заснаваны на пагрозе татальнага знішчэння; яны не могуць быць таксама толькі падтрыманнем балансу сіл. Як падкрэсліў Папа Францішак, «мір павінен будавацца на прынцыпах справядлівасці, сацыяльна-эканамічнага развіцця, свабоды, павагі да правоў чалавека, удзелу ўсіх у грамадскіх справах і пабудове даверу паміж народамі». Трывалы мір — гэта ўсеагульнае імкненне да паступовага і ўзгодненага ядзернага раззбраення. Апостальская Сталіца лічыць сваім маральным і гуманітарным доўгам падтрымку намаганняў па дасягненні канчатковай мэты поўнай ліквідацыі ядзернай зброі. Ядзерная зброя з’яўляецца глабальнай праблемай, дадаў арцыбіскуп Ауса, і яна ўплывае на ўсе краіны і ўсе народы, у тым ліку будучыя пакаленні. Таму і адказ на яе павінен быць калектыўным і ўзгодненым, заснаваным на ўзаемным даверы. Акрамя таго, адзначыў іерарх, існуе рэальная небяспека, што ядзерная зброя і іншая зброя масавага знішчэння патрапіць у рукі экстрэмісцкіх тэрарыстычных груп і іншых гвалтоўных недзяржаўных суб’ектаў. Прадстаўнік Святога Пасаду пры ААН назваў «наіўным і блізарукім» меркаванне, што да міру і бяспекі ва ўсім свеце можна прыйсці з дапамогай ядзернай зброі, а не шляхам выкаранення крайняй галечы, павышэння даступнасці да паслуг аховы здароўя і адукацыі, а таксама падтрымкі мірных ініцыятыў, дыялогу і салідарнасці. «Ніхто не сцвярджае, што мір без ядзернай зброі лёгка дасягальны. Гэта надзвычай цяжка. Але няма ніякай альтэрнатывы бесперапыннай працы для дасягнення гэтай мэты», — падкрэсліў ватыканскі дыпламат і працытаваў словы Папы Францішка, які лічыць, што імкненне да міру і братэрства ўкаранёна глыбока ў чалавечым сэрцы і гэта з’яўляецца закладам таго, што ядзерная зброя павінна быць забаронена раз і назаўсёды. |