Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Семінар на тэму служэння жанчын у Касцёле адбыўся ў Ватыкане
Дзяржава Ватыкан
30.09.2016 11:38

Ролю жанчын у Касцёле абмеркавалі па ініцыятыве Кангрэгацыі Веравучэння ў межах семінара ў Папскім універсітэце «Урбаніянум». Форум праходзіў 26–28 верасня пры ўдзеле каля пяцідзесяці тэолагаў, гісторыкаў, экспертаў кананічнага права, манахінь і свецкіх верніц з усіх кантынентаў.

Падчас цырымоніі адкрыцця семінару выступіў кардынал Герхард Людвіг Мюлер, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння.

На працягу трохдзённай сустрэчы закраналіся самыя розныя пытанні, звязаныя са служэннем жанчын у Касцёле: гаворка ішла як пра пакліканне жанчын, так і пра канкрэтныя прыклады іх служэння. Тэма разглядалася праз прызму агульнага святарства вернікаў і сакрамэнту сужэнства. Падкрэсліваўся ўнёсак жанчын у інтэрпрэтацыю Святога Пісання, развіццё тэалогіі, фармацыю святароў. Абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з разуменнем Касцёла як Нявесты і Маці.

Удзельнікі семінара мелі магчымасць пачуць сведчанні аб працы жанчын у душпастырстве, на місіях, у структурах Рымскай курыі і біскупскіх Канферэнцый, у сферы касцёльнай камунікацыі, экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу, катэхетычнай і дабрачыннай дзейнасці.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.