Кіраўнік ватыканскай кангрэгацыі выступае за рэформу літургіі |
Дзяржава Ватыкан |
07.10.2016 11:40 |
«Рэформу літургіі варта правесці, нават калі для гэтага прыйдзецца сціснуць зубы. Ад гэтага залежыць будучыня Касцёла», — кажа кардынал Рабэр Сара з Гвінеі, прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. Пра гэта паведамяле deon.pl. На думку гвінейскага іерарха, літургія ў яе сённяшнім выглядзе не вядзе чалавека ў містэрыю Бога. Літургіі трэба вярнуць прыгажосць і сакральнасць, адкрыўшы яе Божае паходжанне, падкрэслівае кіраўнік ватыканскай кангрэгацыі. Кардынал Сара выказваецца на гэту тэму вельмі яскрава ў адным з чарговых кніжных інтэрв’ю, якое днямі пабачыла свет у Францыі, а ў бліжэйшыя месяцы будзе перакладзена і на іншыя мовы. Кніга носіць назву «La Froce du silence», або моц цішыні, бо менавіта пра гэты аспект літургіі афрыканскі кардынал разважае найбольш, працягваючы думку кардынала Данелса з Брусэля, які яшчэ некалькі гадоў таму казаў пра тое, што заходняе літургія стала занадта расцягнутая. Кардынал Сара звяртае ўвагу на значэнне адарацыйнай цішыні ў літургіі, падчас Эўхарыстычнай малітвы, але не абмяжоўваецца толькі гэтай часткай Імшы. Яго рэфлексія над крызісам літургіі заходняга Касцёла мае гістарычныя межы. Кардынал прыгадвае згубную для хрысціянства дэсакралізацыю, здзейсненую некалькі дзясяткаў гадоў таму ўплывовымі тэолагамі і людзьмі Касцёла, якія лічылі, што акрамя ўцелаўлення Божага Сына катэгорыя сакральнасці страціла «праўду быцця».
Звяртаючы ўвагу на неабходнасць літургічнага аднаўлення, гвінейскі іерарх не ўступае ў палеміку з навучаннем Другога Ватыканскага Сабору. «Надышоў час вучыцца ад Сабору, а не выкарыстоўваць яго для апраўдання уласнай прагі да крэатыўнасці», — кажа кардынал, які лічыць, што шмат рэчаў у сучаснай літургіі растрачваюць глыбокія інтэнцыі Сабору. У сваёй кнізе кардынал Сара шмат разоў звяртаецца да выказванняў Пантыфікаў: Паўла VI, Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI, а таксама Францішка. У прадстаўленай кнізе не пададзена гатовая праграма рэформ, аднак звяртаецца ўвага на некаторыя найважнейшыя элементы, адным з якіх з’яўляецца вяртанне да літургіі цішыні, якая, быццам «вэлюм падзякі», прыкрывае таямніцу. Таксама кіраўнік ватыканскай кангрэгацыі гаворыць пра забарону дадатковых прамоў і каментарыяў у час літургіі і выказвае незадаволенасць святарамі і біскупамі, якія не захоўваюць цішыні і павагі ў сакрыстыі і падчас працэсіі. |