Новыя манеты з тэматычнымі малюнкамі выпусцяць у Ватыкане |
Дзяржава Ватыкан |
10.10.2016 12:06 |
Манета з нагоды Юбілею Міласэрнасці была адчаканена наміналам у 2 еўра. На ёй змешчана іканаграфічная выява св. Марціна Турскага. Святы прадстаўлены на кані ў той момант, калі здымае з сябе плашч і аддае яго замерзламу бедняку. Гэты сюжэт нагадвае аб учынках міласэрнасці і словах Езуса Хрыста: «Быў голы, і вы апранулі Мяне» (Мц 25, 36). Аўтарам выявы з’яўляецца італьянская мастачка і скульптар Марыянджэла Крышоці, якая ўжо на працягу некалькіх гадоў супрацоўнічае з Ватыканам. Нумізматычнае бюро падрыхтавала таксама дзве залатыя манеты наміналам у 20 і 50 еўра, прысвечаныя Папскаму санктуарыю Святога Дома ў Ларэта. На рэверсным баку 20-еўравай манеты італьянскай мастачкай Габрыэлай Цітота была змешчана выява фігуры Маці Божай, якая знаходзіцца ў алтарнай нішы Святога Дома ў Ларэта. У сваю чаргу на рэверсе манеты ў 50 еўра знаходзіцца выява базылікі Святога Дома, выкананая мастачкай Крысцінай Дэ Джорджы. На аверсным баку гэтых манет змешчаны партрэт Пантыфіка. |