Папскія апартаменты ў Кастэль-Гандольфа адкрыюць для турыстаў |
Дзяржава Ватыкан |
17.10.2016 10:24 |
Праз тры з паловай гады пасля адмовы ад карыстання папскімі апартаментамі на трэцім паверсе Апостальскага палаца ў Ватыкане Папа Францішак пастанавіў канчаткова адмовіцца і ад іншых прыватных пакояў у летняй рэзідэнцыі Пантыфікаў у мястэчку Кастэль-Гандольфа пад Рымам. 21 кастрычніка 2016 г. яны стануць часткай музея разам з іншымі памяшканнямі палаца, якія ўжо на працягу года дасяжныя для наведавальнікаў. Пра гэта паведамілі ў Зале друку Святога Пасаду. Біскупы Рыма валодалі сваёй летняй рэзідэнцыяй з часоў Урбана VIII у XVII стагоддзі. Апошнім Пантыфікам, які выкарыстоўваў памяшканні ў Кастэль-Гандольфа, быў Бэнэдыкт XVI. Папа Францішак прыбыў сюды толькі аднойчы, праз некалькі дзён пасля свайго абрання, каб сустрэцца з папярэднікам. Турысты змогуць наведаць папскія спальню, капліцу, бібліятэку і працоўны кабінет, а таксама пакоі сакратароў, Швейцарскі салон і Залу кансісторыі. Падчас урачыстай інаўгурацыі, якая пройдзе ў Кастэль-Гандольфа праз тыдзень, адбудзецца канцэрт кітайскай народнай музыкі пад назвай «Прыгажосць, якая аб’ядноўвае». |