Святы Пасад павіншаваў індуістаў са святам Дзівалі |
Дзяржава Ватыкан |
26.10.2016 10:38 |
Хрысціяне і індуісты пакліканы ўмацоўваць надзею сярод сем’яў, гаворыцца ў пасланні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу да вызнаўцаў індуізму. Яно было скіравана з нагоды свята Дзівалі, якое сёлета прыпадае на 30 кастрычніка. У тэксце віншавання ўтрымліваецца заклік да супольнага сведчання аб каштоўнасці сужэнства і сямейнага жыцця. «Здаровае грамадства залежыць ад сямейных сувязяў», — гаворыцца ў пасланні. У той жа час, як адзначаецца, значэнню паняцця сям’і пагражае атмасфера рэлятывізму, а сямейнае жыццё часта парушаецца войнамі, беднасцю і міграцыяй. У дакуменце называецца «знакам надзеі» існаванне людзей, якія вераць у важнасць сужэнства і сямейнага жыцця для карысці кожнага чалавека і ўсяго грамадства. «Мы ведаем, што сям’я — гэта “першая школа чалавечнасці” і што бацькі з’яўляюцца “першымі і галоўнымі” настаўнікамі сваіх дзяцей. У сям’і, дзе дзеці кіруюцца шляхетным прыкладам бацькоў і старэйшых, фарміруюцца каштоўнасці, якія дапамагаюць ім развівацца ў якасці добрых і адказных грамадзян», — адзначаецца ў віншаванні. «Як хрысціяне і індуісты, далучымся да ўсіх людзей добрай волі ў падтрымцы сужэнства і сямейнага жыцця, дапамагаючы сем’ям станавіцца школамі надзеі. Будзем несці святло надзеі ў кожны куток нашага свету, дорачы суцяшэнне і сілу ўсім патрабуючым», — гучыць заклік у дакуменце. Дзівалі — адно з галоўных індыйскіх і індуісцкіх святаў. Яно сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю, святла над цемрай, дабра над злом і лічыцца ў індуістаў пачаткам Новага года. |