Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыкан: адрэстаўравана ўнікальнае драўлянае ўкрыжаванне
Дзяржава Ватыкан
31.10.2016 13:11

Самае старажытнае драўлянае ўкрыжаванне базылікі св. Пятра было адрэстаўравана і прадстаўлена ў Ватыкане. Гаворка ідзе пра двухметровы 72-кілаграмовы крыж з фігурай Езуса Хрыста, зроблены ў ХIV ст. італьянскім скульптарам П'етро Каваліні.

Працэс рэстаўрацыі расцягнуўся больш чым на год. Ён адбываўся з выкарыстаннем сучасных лазерных тэхналогій і пры фінансавай падтрымцы амерыканскай дабрачыннай арганізацыі «Рыцары Калумба». Спецыялісты здолелі адкрыць 90% арыгінальных фарбаў скульптуры.

Унікальнасць твора заключаецца ў выключнай анатамічнай дакладнасці чалавечага цела, нехарактэрнай для іншых драўляных укрыжаванняў, з якой аўтар зрабіў скульптуру Хрыста.

На працягу стагоддзяў укрыжаванне неаднаразова мяняла месца свайго «пражывання» ў базыліцы святога Пятра. Вядома, што з 1632 па 1749 гг. яно захоўвалася ў капліцы Укрыжавання, пакуль гэта месца не займала знакамітая мікеланджэлаўская «Пьета». Доўгі час унікальны мастацкі твор быў забытым і схаваным у адной з капліц базылікі.

Рэстаўрацыя была прымеркавана да Года Міласэрнасці. З нагоды Юбілею вязняў, які пройдзе 6 лістапада, адноўленае ўкрыжаванне будзе ўстаноўлена з правага боку ад балдахіна Берніні, а 18 лістапада, у свята асвячэння базылікі св. Пятра, яно будзе перанесена ў новае месца свайго далейшага прабывання — капліцу Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.