Тысячы вязняў і бедных прыбудуць у Ватыкан |
Дзяржава Ватыкан |
04.11.2016 09:24 |
Каля тысячы асуджаных на адбыванне пакарання ў розных краінах свету прымуць удзел у Юбілеі вязняў, арганізаваным у Ватыкане з нагоды Юбілею Міласэрнасці. У падзеі паўдзельнічаюць таксама члены іх сем’яў, супрацоўнікі пэнітэнцыярных устаноў, турэмныя капеланы і валанцёры, якія працуюць у гэтай сферы. Пілігрымы прыбудуць з 12 краін: Англіі, Італіі, Латвіі, Мадагаскара, Малайзіі, Мексікі, Галандыі, Іспаніі, ЗША, Паўднёваафрыканскай Рэспублікі, Швецыі і Партугаліі. Пра гэта паведаміў 3 лістапада старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела. Юбілей вязняў будзе праходзіць два дні. 5 лістапада яго ўдзельнікі змогуць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і прайсці праз Святыя Дзверы ватыканскай базылікі. На наступны дзень яны прымуць удзел у Эўхарыстыі з Пантыфікам на плошчы Святога Пятра. Папярэднічаць літургіі будуць чатыры сведчанні. Адно з іх складзе чалавек, які быў асуджаны за злачынства і затым пакаяўся, а таксама ахвяра яго злачынства, з якой ён прымірыўся. Іншым сведчаннем падзеліцца брат забітага чалавека, які знайшоў у сабе сілы для прабачэння забойцу. Прагучаць таксама гісторыі непаўналетняга вязня і супрацоўніка турэмнай паліцыі. Некаторыя зняволеныя будуць служыць у якасці міністрантаў падчас святой Імшы. Гостыі для гэтай літургіі былі зроблены ў адной з міланскіх турмаў. Вязні будуць прымаць удзел у Эўхарыстыі ў спецыяльна вылучаным для іх сектары на плошчы Святога Пятра. Яшчэ адной буйной ватыканскай падзеяй стане Юбілей бедных. Ён пройдзе 11-13 лістапада. У ім прымуць удзел каля 6 тысяч чалавек з Францыі, Германіі, Партугаліі, Англіі, Іспаніі, Польшчы, Галандыі, Італіі, Венгрыі, Славакіі, Харватыі і Швейцарыі. Арцыбіскуп Фізікела нагадаў, што 13 лістапада адбудзецца ўрачыстае закрыццё Брамаў Міласэрнасці ва ўсіх касцёлах і санктуарыях свету, за выключэннем ватыканскай базылікі. Тут завяршэнне Юбілейнага Года пройдзе 20 лістапада. |