Святы Пасад: рэакцыя на біскупскую сакру ў Кітаі |
Дзяржава Ватыкан |
08.11.2016 15:39 |
«Апостальская Сталіца не ўпаўнаважыла нікога да ўдзялення каму-небудзь біскупскай сакры і не была праінфармавана пра такія захады», — заявіў кіраўнік Залы Друку Грэг Бёрк. Ён выступіў з заявай пасля навін пра магчымае біскупскае пасвячэнне, якое адбылося без згоды Святога Айца ў мацерыковай частцы Кітая. «Калі сапраўды гэтая біскупская сакра мела месца, гэта ўяўляе сабой сур’ёзнае парушэнне кананічных нормаў. Апостальская Сталіца спадзяецца, што гэтыя навіны з’яўляюцца неабгрунтаванымі. У адваротным выпадку, трэба дачакацца дакладнай інфармацыі і дакументацыі, перш чым будзе зроблена адпаведная ацэнка выпадкаў. Тым не менш, трэба падкрэсліць, што не можна прымаць біскупскай сакры без папскага мандата», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве Святога Пасаду. Па дадзеных агенцтва «AsiaNews», біскупская сакра, якая была ўдзелена без згоды Святога Айца ў пачатку верасня кс. Донг Гуанхуа, была паддадзена крытыцы з боку іншых біскупаў неафіцыйнага Касцёла ў Кітаі. Яны нагадалі пра тое, што такім чынам і біскуп, і тыя, хто яго кансэкраваў, трапляюць пад кару экскамунікі ў сілу самога факту. Каля 13 млн чалавек з больш чым 1,3-мільярднага насельніцтва Кітая з’яўляюцца католікамі. Адметнай асаблівасцю кітайскага каталіцызму з’яўляецца падзел на дзве групы: разам з блізкай да рэжыму і адобранай дзяржавай «Патрыятычнай асацыяцыяй кітайскіх католікаў» існуе так званы «падпольны» Касцёл, які знаходзіцца ў еднасці з Рымскім Пантыфікам. Супраць членаў апошняга ўлады пастаянна ладзяць акцыі пераследу, а біскупаў і святароў арыштоўваюць. Біскупскія пасвячэнні адбываюцца без дазволу Святога Айца. |