Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Легендарнаму папскаму прэс-сакратару — 80
Дзяржава Ватыкан
09.11.2016 12:12

Былы шматгадовы дырэктар Залы Друку Святога Пасаду Хаакін Навара-Вальс 16 лістапада адзначыць свой 80-гадовы дзень нараджэння. Іспанскі ўрач і журналіст, член Opus Dei быў прызначаны Янам Паўлам II кіраўніком ватыканскай прэс-службы ў 1984 годзе.

На гэтай пасадзе ён заставаўся да смерці Папы, і яшчэ адзін год да сваёй адстаўкі ў 2006 г. быў прэс-сакратаром Бэнэдыкта XVI. У цяперашні час ён працуе як незалежны журналіст.

Хаакін Навара-Вальс нарадзіўся ў 1936 г. у Картахене на поўдні Іспаніі. У 1954 г. уступіў у Opus Dei і вывучаў медыцыну, спецыялізаваўся ў галіне псіхіятрыі. У 1968 годзе атрымаў журналісцкую адукацыю.

За медыя-падтрымку пантыфікату Яна Паўла II, які адносіўся да яго з вялікім даверам, Навара-Вальс атрымаў шматлікія журналісцкія ўзнагароды ў Італіі.

«Ян Павел II заўсёды прысутнічае ў маім жыцці», — прызнаўся легендарны прэс-сакратар у адным з інтэрв’ю. Ён паўтарыў гэта публічна ў 2011 г. з нагоды беатыфікацыі Папы.

Пасля выхаду на пенсію Навара-Вальс працуе, між іншым, у якасці каментатара на першым канале італьянскага тэлебачання RAI. З 2007 г. ён з’яўляецца старшынёй назіральнага савета Біямедыцынскага ўніверсітэта прэлатуры Opus Dei, а з 2009 г. — старшынёй фонду Telecom Italia. Яго каментары часта можна пачуць на хвалях Ватыканскага радыё.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.