Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыкан пачынае рыхтавацца да Божага Нараджэння
Дзяржава Ватыкан
10.11.2016 08:51

9 снежня на галоўнай ватыканскай плошчы пройдзе ўрачыстая інаўгурацыя святочнага дрэва і ясляў Божага Нараджэння. 25-мятровая ёлка сёлета будзе дастаўлёна ў Ватыкан з ваколіц мястэчка Скурэле, якое знаходзіцца ў аўтаномнай правінцыі Трэнта, у паўночнай Італіі.

Дрэва будзе спілавана 13 лістапада. Адначасова там жа мясцовыя школьнікі пасадзяць 40 новых хвойных дрэваў.

Святочную ёлку з дапамагой верталёта даставяць ў Скурэле, адкуль грузавым аўтамабілем прывязуць на плошчу Св. Пятра. Чакаецца, што яна прыбудзе ў Ватыкан у ноч з 23 на 24 лістапада. Упрыгожаць яе керамічныя шары, зробленыя дзецьмі з анкалагічных аддзяленняў італьянскіх педыятрычных бальніц. Ілюмінацыю дрэва забяспечаць 18 тыс. святлодыёдаў, агульнай вагой у 140 кг і спажываннем электраэнергіі ўсяго каля 2 кілават на гадзіну.

У сваю чаргу, яслі Божага Нараджэння для галоўнай ватыканскай плошчы стануць дарам Каталіцкага Касцёла і ўладаў Мальты, якія правялі адмысловы конкурс для творцаў. У ім перамог праект скульптара Манвела Грэка, з вострава Гоца. Сцэнаграфія стаенкі, памерам 8 метраў увышыню, 17 — ушырыню і 12 — углыбіню, будзе нагадаваць пра тыповыя мальтыйскія краявіды. Тут будуць змешчаны 17 фігур з пап’е-машэ, апранутых у традыцыйныя мальтыйскія строі.

У інтэр’ер будзе змешчана тыповая мальтыйская лодка, якая павінна нагадваць не толькі пра традыцыйны для гэтага вострава рыбацкі промысел, але і пра сітуацыю шматлікіх бежанцаў, якія ў пошуках новага жыцця спрабуюць пераадолець Міжземнае мора.

Па традыцыі ў дзень інаўгурацыі святочнага дрэва і ясляў папа Францішак прыме на аўдыенцыі членаў дэлегацый з Трэнта і Мальты разам з некалькімі дзецьмі, якія стварылі ёлачныя аздабленні.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.