У Ватыкан прыбудзе патрыярх Асірыйскай Царквы Усходу Мар Гіваргіс ІІІ |
Дзяржава Ватыкан |
15.11.2016 17:22 |
17 лістапада папа Францішак прыме Патрыярха Асірыйскай Царквы Усходу Мар Гіваргіса ІІІ, які з 16 па 19 лістапада будзе знаходзіцца ў Рыме. Гіваргіс ІІІ наведае таксама Папскую раду спрыяння хрысціянскаму адзінству. Гіваргіс ІІІ быў абраны Патрыярхам у 2015 годзе. Гістарычныя карані Асірыйскай Царквы Усходу паходзяць з місійнай дзейнасці ранняй Царквы, якая накіравалася на ўсход ад Рымскай імперыі ў бок Мясапатаміі і старажытнага Вавілона. Прарадзімай большасці асірыйскіх веруючых з’яўляецца тэрыторыя сучаснага Ірака. Існуюць таксама супольнасці ў Індыі, Ліване, Сірыі і Іране. З-за пераследу большасць вернікаў гэтай Царвы эмігрыравала на Захад. На сёння Асірыйская Царква Усходу налічвае каля пяцісот тысяч вернікаў і мае епархіі ў Еўропе, ЗША, Канадзе і Аўстраліі. Пасля выбараў патрыярха царкоўны сінод афіцыйна пацвердзіў вяртанне патрыяршай рэзідэнцыі ў горад Эрбіль (Ірак). З 1940 года гэтая рэзідэнцыя знаходзілася ў Чыкага. Пачынаючы ад Другога Ватыканскага Сабору пачалі развівацца новыя адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і Асірыйскай Царквой Усходу. У кастрычніку 1978 года Мар Дзінкха IV прымаў удзел ва ўрачыстай Імшы на пачатак Пантыфікату Яна Паўла ІІ. У 2007 годзе Мар Дзінкха IV сустракаўся з папам Бэнэдыктам XVI, а ў 2014 годзе — з папам Францішкам. Дыялог паміж Каталіцкім Касцёлам і Асірыйскай Царквой Усходу ўжо прынёс свае плёны. 11 лістапада 1994 года Ян Павел ІІ і патрыярх Мар Дзінкха IV падпісалі сумесную хрысталагічную дэкларацыю. Пасля смерці патрыярха і абрання яго пераемніка асірыйскі сінод пацвердзіў свой намер працягваць дыялог з Каталіцкім Касцёлам. Паводле рускай рэдакцыі Ватыканскага радыё |