Ватыканскі іерарх пра інтэрпрэтацыю Amoris laetitia |
Дзяржава Ватыкан |
17.11.2016 17:17 |
Інтэрпрэтацыя паслясінадальнай адгартацыі Amoris laetitia па-ранейшаму сутыкаецца з сур’ёзнымі цяжкасцямі. Пра гэта заявіў прэфект новай Дыкастэрыі па пытаннях свецкіх, сям’і і жыцця амерыканскі біскуп Кевін Фарэл. Іерарх адзначыў, што епіскапаты паасобных краін павінны забяспечыць агульнае тлумачэнне гэтага дакумента, каб не ўзнікала недастатковага разумення і рознагалоссяў паміж паасобнымі біскупамі і дыяцэзіямі. Біскуп Фарэл, які на кансісторыі 19 лістапада атрымае знакі кардынальскай годнасці, спаслаўся на сітуацыю ў сваёй краіне, дзе была створана спецыяльная камісія пры епіскапаце па ажыццяўленні палажэнняў паслясінадальнай адгартацыі. Яе старшынёй з’яўляецца Мітрапаліт Філадэльфіі арцыбіскуп Чарльз Шап'ю. У ЗША былі апублікаваны палажэнні па інтэрпрэтацыі папскага дакумента ў архідыяцэзіі. Яны прадугледжваюць, што разведзеныя людзі, якія жывуць у новых саюзах, павінны быць прыняты ў парафіях і забяспечаны падтрымкай, аднак яны не могуць прымаць святой Камуніі, калі не практыкуюць сексуальнага ўстрымання. Кіраўнік новай ватыканскай дыкастэрыі заявіў, што не падзяляе меркавання арцыбіскупа Шап'ю. На яго думку, існуюць вельмі розныя абставіны і сітуацыі, якія павінны быць прыняты пад увагу. Вядома, існуе аб’ектыўны маральны закон, але не знойдзеш нават дзвюх пар, якія б развяліся і ўступілі ў новы саюз па аднолькавых прычынах, сказаў біскуп Фарэл. Іерарх нагадаў, што кожныя выхадныя ў касцёл прыходзяць многія разведзеныя католікі, якія жывуць у паўторным саюзе. «Мы павінны паспрабаваць знайсці спосаб, каб давесці іх да поўнай Камуніі», — падкрэсліў кіраўнік дыкастэрыі, якая адказвае, у прыватнасці, за душпастырства сем’яў у Каталіцкім Касцёле. |