«Асацыяцыя жанчын у Ватыкане» створана ў Вечным горадзе |
Дзяржава Ватыкан
|
09.12.2016 17:07 |
У Ватыкане ўпершыню ў гісторыі з’явілася асацыяцыя, якая аб’яднала жанчын, што працуюць у горадзе-дзяржаве і Апостальскай Сталіцы і звязаных з імі ўстановах — Associazione Donne in Vaticano.
У «D.VA», як скарочана гучыць яе назва, могуць увайсці як свецкія верніцы, так і законніцы, якія працуюць або ўжо выйшлі на пенсію. Як гаворыцца ў спецыяльным паведамленні, статут асацыяцыі быў зацверджаны яшчэ 1 верасня 2016 г.
У структурах Ватыкана і Апостальскай Сталіцы працуюць 750 жанчын, што складае 19 працэнтаў ад агульнай колькасці работнікаў. Больш за 40 працэнтаў з іх маюць доктарскую ступень і выконваюць функцыі, якія ахопліваюць шырокі спектр абавязкаў.
«Асацыяцыя жанчын у Ватыкане» мае намер «стварыць сетку сяброўства, абмену і салідарнасці паміж усімі для асабістага і прафесійнага росту», бо «жанчыны з’яўляюцца каштоўным рэсурсам, які павінен быць ацэнены на працоўных месцах і ва ўсіх сферах жыцця і дзейнасці ў Ватыкане».
Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
|