Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Пасад і Маўрытанія ўсталявалі дыпламатычныя адносіны
Дзяржава Ватыкан
09.12.2016 17:24

«Апостальская Сталіца і Ісламская Рэспубліка Маўрытанія, жадаючы забяспечыць сяброўскія ўзаемаадносіны, вырашылі на аснове агульнай згоды ўсталяваць дыпламатычныя адносіны, на ўзроўні Апостальскай нунцыятуры Святога Пасаду і Пасольства Ісламскай Рэспублікі Маўрытанія», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве Ватыкана.

Маўрытанія — дзяржава ў Заходняй Афрыцы, якая мяжуе з Заходняй Сахарай на паўночным захадзе, з Сенегалам на паўднёвым захадзе, з Алжырам на паўночным усходзе, з Малі на поўдні і ўсходзе.

Па палітычным ладзе гэта ісламская рэспубліка. 99,5 працэнтаў насельніцтва вызнаюць іслам, 0,2 працэнта — традыцыйныя племянныя рэлігіі, 0,3 працэнта — хрысціянства.

Католікаў тут 0,2 працэнта, што складае 4-5 тыс. чалавек, прычым большая частка іх — замежнікі з Еўропы і краін Заходняй Афрыкі. На тэрыторыі Ісламскай Рэспублікі 18 снежня 1965 г. Святы Пасад заснаваў дыяцэзію Нуакшот, вылучыўшы яе з Апостальскай прэфектуры Сен-Луі-дэ-Сенегал.

Дыяцэзія тэрытарыяльна адпавядае межам Маўрытаніі і складаецца з 7 парафій. Біскупскай сталіцай з’яўляецца горад Нуакшот з катэдральным касцёлам св. Юзафа.

Прыбыццё першых каталіцкіх місіянераў у Маўрытанію звязана з еўрапейскай каланізацыяй Заходняй Афрыкі. Падчас каланізацыі тут утвараліся каталіцкія структуры. У 1763 г. была заснавана Апостальская прэфектура Сенегала, якая ў 1963 г. стала дыяцэзіяй Сен-Луі-дэ-Сенегал. Праз два гады ў Маўрытаніі была ўтворана свая дыяцэзія. З 1958 г. тут працуюць святары з манаскай кангрэгацыі Святога Духа.

Дзейнасць Каталіцкага Касцёла ў Маўрытаніі, якая з’яўляецца мусульманскай краінай, не абмежавана мясцовым заканадаўствам, акрамя адной умовы: ёсць забарона навяртаць у каталіцызм мусульман і адкрываць адукацыйныя ўстановы. Каталіцкі Касцёл мае ў краіне культурныя цэнтры, дзіцячыя дашкольныя ўстановы і бібліятэкі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.