116 новых святых і благаслаўлёных з’явіцца ў Каталіцкім Касцёле |
Дзяржава Ватыкан
|
23.12.2016 11:02 |
21 снежня папа Францішак прыняў на аўдыенцыі прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, кардынала Анджэла Амата і ўхваліў дэкрэты аб прызнанні цуду, мучаніцкай смерці і гераічнасці цнотаў.
У агульнай колькасці дакументы тычацца 116 чалавек.
Гаворка ідзе аб прызнанні цудаў, здзейсненых праз заступніцтва іспанскага законніка з Ордэна піяраў бл. Фаўстына Мігеса Гансалеса і італьянскай законніцы Слугі Божай Леапальдзіны Нэўдэт, заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр ад Святой Сям’і.
Дэкрэты аб прызнанні мучаніцтва тычацца ахвяр грамадзянскай вайны ў Іспаніі, забітых з нянавісці да веры. Гэта айцец Матэа Касальс і яго 108 паплечнікаў з Кангрэгацыі Місіянераў Сыноў Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі.
Пантыфік таксама ўхваліў дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў пяці Слугаў Божых: французскага дыяцэзіяльнага святара Жана-Батыста Фукэ, італьянскага законніка-пасіяніста Ларэнца ад Святога Духа, іспанскай законніцы Марыі Рафаэлы ад Найсвяцейшага Сэрца Езуса, заснавальніцы Кангрэгацыі Місіянерак Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі, італьянскай законніцы Клеліі Марлоні, заснавальніцы Інстытута Апосталак Найсвяцейшага Сэрца Езуса, і свецкага верніка з Аргентыны Ісідора Дзарзана Ледэсма, члена «Opus Dei».
Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
|