У 2016 годзе папа Францішак здзейсніў шэсць замежных падарожжаў у восем краін, а таксама пяць пастырскіх візітаў у розныя рэгіёны Італіі, тройчы ўзначаліў абрады кананізацыі 10 чалавек, ад яго імя было праведзена 14 беатыфікацый, якія далі Касцёлу 77 новых благаслаўлёных.
Акрамя таго Пантыфік прызначыў 17 кардыналаў і 189 біскупаў, удзяліў сакрамэнт хросту 26 дзецям і 12 дарослым, прэзбітэрскае пасвячэнне — 11 асобам, двое святароў атрымалі біскупскую сакру. Святы Айцец прыняў на аўдыенцыях у Ватыкане 63 палітыка з 43 краін свету і 13 міжнародных арганізацый, у тым ліку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку.
Першае замежнае падарожжа Пантыфіка ў 2016 г. і дванаццатае ад пачатку пантыфікату адбылося ў Лацінскую Амерыку — 12-18 лютага пап Францішак знаходзіўся на Кубе і ў Мексіцы. 16 красавіка прайшоў яго аднадзённы візіт на грэчаскі востраў Лесбас, дзе ён разам з Патрыярхам Канстантынопальскім сустрэўся з бежанцамі, а праз тыдзень ён адправіўся ў трохдзённае падарожжа па Арменіі.
Чатыры апошнія дні ліпеня ён правёў у польскім Кракаве на Сусветных днях моладзі. 30 верасня Папа быў з візітам ў Грузіі, а 1 кастрычніка — у Азербайджане. Апошняе ў бягучым годзе і сямнаццатае падчас свайго пантыфікату падарожжа пап Францішак здзейсніў у Швецыю, дзе прыняў удзел у памятных мерапрыемствах 500-годдзя Рэфармацыі. Знакавымі сталі паездкі Святога Айца па Італіі. Асабліва запомніўся яго кастрычніцкі візіт ў рэгіён, пацярпелы ад разбуральнага землятрусу.
Апостальская Сталіца ў 2016 г. устанавіла дыпламатычныя адносіны з Маўрытаніяй, якая стала 181-й краінай па ліку ў гэтым спісе. Гэта адбылося за некалькі тыдняў да завяршэння года, што стала знакавай падзеяй, паколькі краіна з’яўляецца ісламскай рэспублікай, дзе хрысціяне складаюць абсалютную меншасць.
У 2016 г. Касцёл страціў 139 іерархаў; у вечнасць адышлі ў тым ліку шэсць кардыналаў. Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (IL)
|