Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Паралін: тэрарызм — гэта не рэлігійная вайна, а маніпуляцыя рэлігіяй
Дзяржава Ватыкан
30.12.2016 15:01

«Трэба змагацца з сацыяльнымі і палітычнымі прычынамі, якія ляжаць у аснове тэрарызму», — такую думку выказаў дзяржаўны сакратар Святога Пасаду кардынал П’етро Паралін італьянскай газеце «Corriere della sera» праз некалькі дзён пасля тэракту ў Берліне.

Як адзначаецца, пасля трагічнай падзеі Касцёл пачалі абвінавачваць у тым, што ён нібыта замоўчвае факт рэлігійнай вайны. «Мы заўсёды казалі, што адбываецца маніпуляцыя рэлігіяй, — тлумачыць кардынал Паралін. — Гэта не вайна паміж рэлігіямі. І, уласна кажучы, каб пазбегнуць гэтага, мы не хочам, каб нас уцягнулі ў такую гульню».

Адкрытасць ці закрытасць?

«Мы добра разумеем сітуацыю, — дадаў іерарх. — Але менавіта ў гэтыя моманты мы павінны імкнуцца захоўваць супакой і надзею, якія зыходзяць з асноўнай  падзеі хрысціянства — прыйсця Бога ў наш свет, у нашу гісторыю, у наша цела».

Дзяржсакратар Апостальскай Сталіцы заахвочвае «не замыкацца ў сабе ў той час, калі хтосьці хацеў бы ўзвесці муры, і дазволіць знайсці прытулак тым, хто пакутуе ад насілля і голаду». Ён падкрэсліў, што на заклік папулістаў, якія выступаюць за закрыццё межаў для бежанцаў, Касцёл адказвае словамі папы Францішка, які часта адзначае: «Касцёл выступае за гасціннасць».

«Але галоўнае пытанне заключаецца ў тым, — падкрэслівае кардынал Паралін, — якім з’яўляецца навучанне, што ляжыць у аснове: адкрытасць ці закрытасць? Калі існуе навучанне адкрытасці, то можна будзе знайсці і шляхі вырашэння праблем. Але калі пераважае навучанне закрытасці — усё скончана, няма ніякага шляху».

Змагацца з палітычнымі і эканамічнымі прычынамі тэрарызму

У сваім інтэрв’ю іерарх згадаў італьянскую дзяўчыну Фабрыцыю дзі Ларэнца, якая стала адной з дванаццаці ахвяр у Берліне, і з гэтай нагоды перадаў спачуванні Папы і Святога Пасаду і іх асуджэнне жорсткага гвалту супраць нявінных.

Кардынал яшчэ раз падкрэсліў, што «трэба змагацца з тэрарызмам усімі існуючымі законнымі спосабамі і адначасова сур’ёзна працаваць, каб пазбягаць прычын, якія ляжаць у аснове гэтай з’явы». Да сацыяльных прычын тэрарызму, паводле яго слоў, належыць крайняя галеча. Але існуюць і палітычныя прычыны, сярод якіх іерарх назваў пашырэнне культуры насілля на міжнародным узроўні.

Дзяржаўны сакратар Святога Пасаду зазначыў, што ў такой сітуацыі нам патрэбна надзея, якая для нас, хрысціян, грунтуецца на прысутнасці Бога ў гісторыі праз таямніцу уцелаўлення.

«Калі Бог з намі, то гэта азначае, што, не звяртаючы ўвагі ні на што, гісторыя імкнецца да міру і выратавання», — падкрэсліў іерарх.
На завяршэнне свайго інтэрв’ю кардынал Паралін адзначыў, што задача хрысціян — пашыраць надзею сярод людзей, каб дапамагаць ім ісці правільнай дарогай. «Хто мае веру, павінен несці гэтае пасланне іншым, у адваротным выпадку будзе толькі расчараванне. А расчараванне ніколі не з’яўляецца добрым дарадчыкам», — падсумаваў прадстаўнік Святога Пасаду.

Паводле catholicnews.org.ua (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.