Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ватыкане прадставілі падрыхтоўчы дакумент будучага Сіноду Біскупаў
Дзяржава Ватыкан
14.01.2017 13:44

13 студзеня ў Ватыкане прадставілі падрыхтоўчы дакумент будучага Сіноду Біскупаў. Ён пройдзе ў кастрычніку 2018 г. на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання».

Ва ўступе гучыць спасылка на думку папы Францішка, які заклікае моладзь прыняць актыўны ўдзел у «сінадальным падарожжы», паколькі ўвесь Касцёл жадае пачуць і адчуць іх голас і веру, а таксама іх сумневы і крытычныя заўвагі.

Папа Францішак запрашае маладых людзей стаць на шлях распазнання Божага плану адносна іх жыцця, звярнуў увагу кардынал Ларэнца Балдзісэры на спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў Ватыкане, і дадаў, што гаворка ідзе найперш пра ўзроставую групу ад 16 да 29 гадоў.

Падрыхтоўчы дакумент будзе адпраўлены ў Канферэнцыі Біскупаў, сіноды Усходніх Каталіцкіх Цэркваў і канферэнцыі генеральных настаяцеляў манаскіх кангрэгацый, каб ініцыяваць этап кансультацый «усяго Божага народу» з мэтай збору інфармацыі аб стане сучаснай моладзі ў розных кантэкстах, што неабходна для фармулявання працоўнага дакумента Сіноду — Instrumentum Laboris.

Дакумент падзелены на тры часткі. У першай пад загалоўкам «Моладзь у сучасным свеце» гучыць заклік уважліва прыглядзецца да існуючай рэальнасці.

Другая частка «Вера, распазнанне, пакліканне» падкрэслівае важнасць жыццёвага выбару для маладога чалавека, уласнага, унікальнага, непаўторнага, адпаведнага Божай волі і карысці чалавека.

Слова «пакліканне» ужываецца тут у шырокім значэнні і ахоплівае ўвесь спектр магчымасцяў. Трэцяя частка пад назвай «Душпастырскае дзеянне» канцэнтруецца на суправаджэнні маладога чалавека Касцёлам. Гэта важна ў сітуацыі, калі сённяшняя моладзь часта адчувае нявызначанасць і няўпэўненасць. Бацькі, душпастыры, настаўнікі тут павінны стаць сапраўдным аўтарытэтам.

Да падрыхтоўчага дакумента далучана спецыяльная анкета, якая, як падкрэсліў генеральны сакратар Сіноду Біскупаў, з’яўляецца яго «неад’емнай часткай«, а не «простым прыдаткам». Яна таксама падзелена на тры часткі. Першая тычыцца збору статыстычных даных. Другая складаецца з пытанняў. 15 агульных пытанняў прапанаваны ўсім без адрознення, і яшчэ па тры для кожнай геаграфічнай вобласці. Трэцяя частка датычыць «душпастырскіх практык», якія выкарыстоўваюцца для дапамогі маладым людзям у распазнанні паклікання.

Адказы на пытанні выкарыстаюць для падрыхтоўкі Instrumentum Laboris — дакументу, які будзе накіраваны Сінадальным айцам перад Асамблеяй.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.