Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Пасад: пакуль рана казаць пра сустрэчу Францішка і Дональда Трампа
Дзяржава Ватыкан
08.02.2017 09:29

Святы Пасад назваў інфармацыю пра магчымую сустрэчу папы Францішка з Дональдам Трампам у канцы мая «заўчаснай». Плануецца, што амерыканскі прэзідэнт прыбудзе ў Італію з нагоды сустрэчы G7. Да гэтага часу Трамп толькі пацвердзіў, што ён паедзе на саміт на Сіцылію.

Пакуль нічога не вядома пра візіт у Рым. Пра гэта паінфармаваў кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Грэг Бёрк.

Пантыфік накіраваў Дональду Трампу віншавальнае пасланне з нагоды інаўгурацыі, у якой заклікаў да міжнароднага супрацоўніцтва. У нядаўнім інтэрв’ю іспанскай El País Святы Айцец адзначыў, што запалохванне Трампам або, наадварот, радасць з прычыны яго абрання, заўчасныя. Пантыфік прапанаваў паглядзець, што палітык зробіць на самой справе, а потым рабіць высновы.

Папярэднік цяперашняга кіраўніка ЗША, Барак Абама наведваў Ватыкан двойчы, у 2009 г. ён сустрэўся з Бэнэдыктам XVI, у 2014 г. тут яго прымаў ужо папа Францішак. Трэба нагадаць, што цяперашні Пантыфік у верасні 2015 г. здзейсніў візіт у Злучаныя Штаты.

Цікава, што дыпламатычныя адносіны паміж ЗША і Святым Псадам па гістарычных мерках налічваюць не так шмат часу — крыху больш за тры дзесяцігоддзі. Яны былі ўсталяваныя толькі ў 1984 г. Па ўспамінах амерыканскага пасла пры Святым Пасадзе Уільяма Вільсана, перамовы на гэтую тэму ўступілі ў рашаючую фазу пасля сустрэчы прэзідэнта Рэйгана з Янам Паўлам II. Было заяўлена, што прынцыпы, на якіх заснаваны Злучаныя Штаты, у цэлым «раўналежныя» прынцыпам Апостальскай Сталіцы.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.