Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Пасад працягвае дыялог з мусульманскімі інтэлектуаламі
Дзяржава Ватыкан
21.02.2017 17:20

Ватыканская дэлегацыя адправіцца ў Каір для ўдзелу ў міжрэлігійнай канферэнцыі. Кардынал Жан-Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, яе сакратар біскуп Мігель Анхель Айюса Гішот, а таксама кіраўнік аддзела па кантактах з ісламам кс. Халед Акашэх 22-23 лютага будуць гасцямі семінара ва ўніверсітэце Аль-Азхар.

Тэма форуму — «Роля Аль-Азхар Аль-Шарыф і Ватыкана ў барацьбе са з’явамі фанатызму, экстрэмізму і насілля ў імя рэлігіі». Да ватыканскай дэлегацыі далучыцца арцыбіскуп Бруна Музаро, Апостальскі Нунцый у Егіпце.

23 мая 2016 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане вялікага імама ўніверсітэта «Аль-Азхар» прафесара Ахмеда аль-Таеба з дэлегацыяй, якая складалася з яго бліжэйшых супрацоўнікаў. Тады абмяркоўвалася тэма супольных намаганняў лідараў і вызнаўцаў вялікіх рэлігій на карысць міру ў свеце, асуджэння насілля і тэрарызму. У цэнтры ўвагі была таксама сітуацыя хрысціян у кантэксце канфліктаў і напружанасці на Блізкім Усходзе і іх абарона.

Варта нагадаць, што ў 2011 г. дыялог са Святым Пасадам быў прыпынены па ініцыятыве ўніверсітэта Аль-Азхар. Абгрунтаваннем для гэтага кроку сталі неаднаразовыя заявы Бэнэдыкта XVI, інтэрпрэтаваныя «Аль-Азхар» як удар па ісламу, у якіх Папа нібыта усклаў на мусульман адказнасць за пераслед на Блізкім Усходзе паслядоўнікаў іншых рэлігій.

Універсітэт «Аль-Азхар» — гэта адзін са старэйшых універсітэтаў у свеце і самых прэстыжных мусульманскіх вышэйшых навучальных устаноў. Ён быў заснаваны ў Каіры яшчэ ў 988 г. дынастыяй Фатымідаў.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.