Сведкі фацімскіх аб’яўленняў Франсішку і Жасінта будуць абвешчаны святымі |
Дзяржава Ватыкан |
24.03.2017 14:37 |
23 сакавіка папа Францішак прыняў на аўдыенцыі прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананазацыі кардынала Анджэла Амата і ўхваліў дэкрэты аб прызнанні цудаў, мучаніцтва і гераічнасці цнотаў кандыдатаў да хвалы алтароў. Першыя два дэкрэты датычаць прызнання цудаў, здзейсненых праз заступніцтва: італьянскага капуцына Анджэла да Акры, а таксама сведкаў марыйных аб’яўленняў у Фаціме: Франсішку Марту і Жасінты Марту. Дэкрэты аб прызнанні мучаніцтва датычаць Хасэ Марыі Фернандэса Санчаса і яго 32 паплечнікаў з Кагрэгацыі Місій, вядомых як лазарысты, і 6 свецкіх вернікаў з Асацыяцыі цудоўнага медальёна Найсвяцейшай Панны Марыі, забітых з нянавісці да веры ў 1936 г. падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі, а таксама індыйскай кларыскі Рaні Марыі Ваталіл, забітай у 1995 г. наёмным забойцам у горадзе Індаур, дзе яна служыла бедным. Папа Францішак ухваліў рашэнне Звычайнай сесіі кардыналаў і біскупаў, членаў Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, аб кананізацыі дыяцэзіяльных святароў Андрэ дэ Совераля і Амброзіа Франсіска Фэра, свецкага верніка Матэа Марэйра і іх 27 паплечнікаў, забітых у 1645 г. у Бразіліі, а таксама Хрыстафора, Антоніа і Хуана, падлеткаў, забітых з нянавісці да веры ў 1529 г. у Мексіцы. Ухваленыя Святым Айцом дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў датычаць трох італьянцаў: айца Даніэля да Самаратэ, з Ордэна меншых братоў капуцынаў, сястры Макрыны Рапарэлі, заснавальніцы Кангрэгацыі сясцёр базыліянак св. Макрыны і свецкай верніцы Даніэлы Дзанэта. Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё |