Арцыбіскуп Палья: у адгартацыі Amoris laetitia адчуваецца сімпатыя да сем’яў і вялікая надзея |
Дзяржава Ватыкан |
20.04.2017 11:30 |
У многіх мясцовых Касцёлах узніклі ініцыятывы накіраваныя на вывучэнне Апостальскай адгартацыі папы Францішка Amoris laetitia, што дазволіць рэалізацыю яе прынцыпаў у душпастырскай сферы, лічыць старшыня Папскай акадэміі Pro Vita і Вялікі канцлер Папскага інстытута Яна Паўла ІІ па праблемах сужэнства і сям’і. 19 красавіка споўнілася першая гадавіна з’яўлення гэтага дакумента Святога Айца Францішка. Ён стаў вынікам Сінода Біскупаў на тэму сям’і, які праходзіў у кастрычніку 2015 г. у Ватыкане. У асамблеі прымалі ўдзел каталіцкія іерархі з усіх частак свету. Паводле арцыбіскупа Вінчэнца Пальі, у свеце тэкст адгартацыі быў прыняты з вялікім энтузіязмам, бо людзі «адчуваюць у ім вялікую сімпатыю да сем’яў, а таксама вялікую надзею». «Па прашэсці аднаго года яго плёны значныя, але, канешне, складанасць сітуацыі будзе яшчэ патрабаваць разважання, звязанага з рознымі культурнымі кантэкстамі. Напрыклад, трэба — гэта тое, што я бачу паўсюль, — пераасэнсаваць нанова падрыхтоўку да сужэнства, а яшчэ больш — і тут мы, відавочна, спазняемся — суправаджэнне маладых пар у першыя гады іх сужэнскага і сямейнага жыцця», — сказаў іерарх у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Былы старшыня Папскай рады па справах сям’і перакананы, што «няма ніякіх сумневаў адносна вучэння», змешчанага ў гэтай адгартацыі. Яно паклікана даць больш шырокую прастору для душпастырства. «Гэта патрабуе таго, каб пастыры зноў былі пастырамі. Каб былі ў стане адрозніваць сітуацыі, спадарожнічаць, слухаць», — сказаў арцыбіскуп Палья. Паводле іерарха, першая сустрэча з Хрыстом Эўхарыстычным у выпадку «параненых сем’яў і тых, якія маюць праблемы», наступае праз сустрэчу з хрысціянскай супольнасцю, праз удзел у яе жыцці, дзякуючы чаму яны становяцца на новы шлях росту і навяртання. «Трэба дапамагаць тым, хто мае цяжкасці стаць на ногі і ісці з дапамогай Божай ласкі», — лічыць старшыня Папскай акадэміі Pro Vita і Вялікі канцлер Папскага інстытута Яна Паўла ІІ па праблемах сужэнства і сям’і. Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Таксама па тэме: Выйшла адгартацыя «Amoris Laetitia» па-беларуску. |