Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сінод Біскупаў у Афрыцы распачаўся святой Імшой у Ватыкане |
Святы Айцец |
05.10.2009 17:24 |
4 кастрычніка 2009 г. у Апостальскай Сталіцы папа Бэнэдыкт XVI разам з
239 айцамі сабору і 55 святарамі цэлебраваў святую Імшу, якая распачала
Сінод Біскупаў у Афрыцы. Мерапрыемствы, у якіх прымаюць удзел 244 айцы
Сіноду, будуць працягвацца да 25 кастрычніка гг. Сінод Біскупаў
праходзіць пад дэвізам «Касцёл у Афрыцы ў службе паяднання,
справядлівасці і міру. „Вы — соль зямлі… вы — святло свету“». У гаміліі Пантыфік узгадаў першы афрыканскі Сінод Біскупаў, які адбыўся ў Ватыкане на рубяжы красавіка і мая 1994 г. па ініцыятыве папы Яна Паўла ІІ. Гэты Сінод, па словах Святога Айца, стаў гістарычнай падзеяй, месцам пошуку далейшага шляху, які павінен весці да новага этапа верыфікацыі і ажыўлення. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што сёння ў Афрыцы існуюць разнастайныя культуры, якія тым не менш, як здаецца, аб’ядноўваюцца ў адным пункце: Бог з’яўляецца Творцам і крыніцай жыцця. Дасканаласць жыцця павінна выяўляцца найперш у сувязі мужчыны і жанчыны і ў нараджэнні дзяцей. Божае права, упісанае ў прыроду, з’яўляецца найважнейшым з усіх вядомых чалавецтву правоў і пагаджаецца са словамі Езуса Хрыста: «Што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае» (пар. Мк. 10, 9). Папа закрануў таксама некаторыя тэмы, якія стануць прадметам абмеркавання Сіноду: прымат Бога, Створцы і Пана; сужэнства; дзеці. Асабліва небяспечнымі для чалавецтва духоўнымі хваробамі, як адзначыў Святы Айцец, сёння з’яўляюцца практычны матэрыялізм, злучаны з нігілістычным мысленнем, і рэлігійны фундаменталізм, які базуецца на палітычных інтарэсах, — праблема, надзвычай характэрная для Афрыкі. Згадваючы дзяцей, якія сёння шмат церпяць у афрыканскіх краінах, Пантыфік падкрэсліў, што Касцёл бачыць у дзецях не толькі адрасатаў дапамогі, але ў першую чаргу паўнапраўных асоб, якія сваім існаваннем указваюць галоўны шлях, каб увайсці ў Валадарства Божае. Бэнэдыкт XVI выразіў перакананне ў тым, што Касцёл у Афрыцы можа ўнесці значны ўклад у справу барацьбы з беднасцю і войнамі. Святы Айцец нагадаў, што адным з заданняў Касцёла на гэтым кантыненце з’яўляецца паяднанне этнічных, моўных і рэлігійных груп. |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.