Кардынал Бэртонэ прадставіў галоўныя кірункі Пантыфікату Бэнэдыкта XVI |
Святы Айцец |
15.12.2009 17:08 |
Дзяржаўны сакратар Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ прадставіў для французскага тэлеканала КТО галоўныя рысы Пантыфікату Святога Айца. Прыярытэтам Пантыфікату Бэнэдыкта XVI, па словах кардынала Бэртонэ, з’яўляецца «новая евангелізацыя», якая базуецца на аргументацыі хрысціянскай адметнасці і яе паглыбленні праз вывучэнне тэалагічных і душпастырскіх тэкстаў. Як адзначыў ватыканскі іерарх, Папа надае асаблівую ўвагу паглыбленню хрысціянскай веры праз вывучэнне тэалагічных тэкстаў. Падчас сустрэч з людзьмі Святы Айцец тлумачыць праўды, якія выступаюць у абарону веры. Акрамя гэтага, Бэнэдыкт XVI жадае быць духоўным кіраўніком простых хрысціян, даючы ім матывацыю веры дзеля таго, каб яны трывалі ў ёй. Закранаючы тэму стаўлення Пантыфіка да ІІ Ватыканскага Сабору, кардынал Бэртонэ падкрэсліў, што Папа часта цытуе вучэнне Сабору ў сваіх выступленнях і з’яўляецца «адным з найбольш тонкіх знаўцаў саборавага духу». Разам з тым, заўважаючы пэўныя небяспекі і злоўжыванні, Святы Айцец указвае на пераемнасць паміж Саборам і традыцыяй Касцёла. |