Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: не супраціўляцца Духу Святому
Слова Папы
16.04.2013 15:01

На схільнасць сучасных хрысціян да інэртнасці і нежадання змен, прычына чаго часта крыецца ў супраціве дзеянню Святога Духа, звярнуў увагу папа Францішак падчас Імшы ў капліцы Дома св. Марты 16 красавіка. Пантыфік заклікаў не шукаць у духоўным жыцці зручнасці і камфорту, бо яны вядуць да небяспечнай руціны.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, Імша цэлебравалася ў інтэнцыі Бэнэдыкта ХVІ, якому ў гэты дзень споўнілася 86 гадоў. «Няхай Пан будзе з ім, падтрымае яго і дасць суцяшэнне», — пажадаў Пантыфік свайму папярэдніку.

Па словах Папы, менавіта Дух Святы дае магчымасць Касцёлу крочыць наперад, да святасці, а многія жадаюць не ісці за Яго натхненнем, а проста «прыручыць» Яго, забываючыся аб тым, што Дух — гэта Бог і вее там, дзе хоча.

Папа Францішак звярнуўся таксама да тэмы Другога Ватыканскага Сабору і нагадаў, што ён быў справай Духа Святога. Пантыфік назваў Яна ХХІІІ, які склікаў гэтую біскупскую асамблею, «добрым пробашчам», які паслухаў Духа і зрабіў тое, чаго Ён жадаў. Папа падкрэсліў, што па прашэсці 50 гадоў існуе імкненне надаць Сабору своеасаблівую манументальнасць, што робіцца для таго, каб забыцца пра абавязак зменаў, да якіх заклікаў Сабор.

«Ці мы па прашэсці 50 гадоў зрабілі ўсё, аб чым сказаў Святы Дух праз пасрэдніцтва Сабору?» — спытаў папа Францішак падчас гаміліі. На думку Пантыфіка, на гэтае пытанне, на жаль, трэба адказаць адмоўна. «Мы не жадаем змяняцца», — у гэтым, паводле Святога Айца, праблема нерэалізаванасці шматлікіх ідэй і пастаноў Сабору. Імкненне не ісці наперад, а вярнуцца назад, якога прытрымліваюцца да сённяшняга дня многія, па словах Папы, выклікана зацвярдзеласцю і лянотай сэрца.

Пантыфік заклікаў не супраціўляцца Духу Святому, бо толькі Ён можа даць сапраўдную свабоду.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме