Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец прызначыў новага кіраўніка для армянскіх католікаў ва Усходняй Еўропе
Святы Айцец
06.01.2010 18:11

6 студзеня 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прызначыў Апостальскім адміністратарам для армянскіх католікаў ва Усходняй Еўропе кс. Вагана Аганяна. Новапрызначаны Апостальскі адміністратар замяніў на гэтай пасадзе біскупа Нехана Каракехеяна, саступленне якога з пасады Пантыфік прыняў у гэты ж дзень.

Ардынарыят для армянскіх католікаў ва Усходняй Еўропе існуе з 13 ліпеня 1991 г., калі папа Ян Павел ІІ аб’яднаў у яго супольнасці Грузіі, Расіі і Украіны. На чале новаўтворанага ардынарыяту з сядзібай у Ерэване (Арменія) стаў біскуп Нерсес Тэр-Нерсесян. Пасля духоўным лідэрам армянскіх каталіцкіх вернікаў стаў біскуп Нехан Каракехеян.

Да супольнасці армянскіх католікаў ва Усходняй Еўропе належыць каля 550 тысяч вернікаў. У склад ардынарыяту ўваходзяць 40 парафій, у якіх нясуць служэнне 5 дыяцэзіяльных і 6 законных святароў, а таксама каля 20 сясцёр законных.

Армянскі Каталіцкі Касцёл існуе з 1742 г., калі папа Бэнэдыкт XIV прызначыў на пасаду першага каталіцкага армянскага Патрыярха Абрахама Бедроса Арджывяна. Разам з тым яшчэ ў ХІІ ст. частка армян жадала быць пад уладай Апостальскай Сталіцы і Рымскага Папы.

Кожны армянскі каталіцкі Патрыярх дадае да свайго імені пасля ўступлення на пасаду кіраўніка гэтай супольнасці імя Бедрос, або Пётр, разам з адпаведным нумарам, для таго, каб падкрэсліць сваю сувязь з Папам. Сённяшні Патрыярх Нерсес Тармуні, які кіруе супольнасцю з 1999 г., прыняў імя Нерсес Бедрос ХІХ.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.