Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Малітоўныя інтэнцыі Святога Айца на люты
Святы Айцец
02.02.2010 13:31

Агульная малітоўная інтэнцыя Святога Айца Бэнэдыкта XVI на люты 2010 года гучыць наступным чынам: «За ўсіх людзей навукі і культуры, каб праз шчыры пошук праўды яны здолелі дасягнуць пазнання адзінага праўдзівага Бога».

Праўдзівы навуковы пошук і пастулат рацыянальнага дыялога навукі з верай з’яўляецца адным з прыярытэтаў навучання Пантыфіка. Падобны акцэнт быў зроблены падчас сустрэчы Святога Айца з прадстаўнікамі акадэмічнага свету, якая адбылася ў Празе (Чэхія). «Без фундаментальнай чалавечай скіраванасці да праўды розум губляе арыентацыю», — адзначыў Папа, перасцерагаючы перад схаванай дыктатурай рэлятывізму ў сферы навукі і культуры. Адной з праяваў такога рэлятывізму з’яўляецца аддзяленне навукі ад рэлігіі. Бэнэдыкт XVI падкрэсліў небяспеку пазітывісцкага выключэння Боскага элементу з універсальнасці розуму.

«Каб Касцёл, усведамляючы сваю місію, стараўся верна наследаваць Хрыста і абвяшчаць Яго Евангелле ўсім народам», — так гучыць місійная папская інтэнцыя на люты. Варта адзначыць, што ў пасланні на мінулагодні Сусветны дзень місій Бэнэдыкт XVI заахвоціў усіх вернікаў аднавіць у сабе ўсведамленне неабходнасці абвяшчэння Добрай навіны згодна з заклікам Пана. «Мэтай місіі Касцёла з’яўляецца асвятленне святлом Евангелля ўсіх народаў у іх гістарычным шляху да Бога, каб у Ім яны дасягнулі сваёй сутнасці, — адзначыў з гэтай нагоды Папа. — Мы павінны адчуваць прагу ахоплівання ўсіх народаў святлом Хрыста, якое ззяе ў абліччы Касцёла, каб усе мы аб’ядналіся ў адну чалавечую сям’ю, любячым Айцом якой з’яўляецца Бог». Як дадаў Пантыфік, паўсюдны Касцёл павінен працягваць служэнне Хрыста свету, садзейнічаючы набліжэнню Яго валадарства.  

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.