Прозвішчы 24 новых кардыналаў абвясціў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI на заканчэнне сённяшняй агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, а таксама прызначыў дату кансісторыі — 21 лістапада гг.
Кардыналамі сярод працаўнікоў Рымскай Курыі і пастыраў розных арцыбіскупскіх сталіц былі прызначаны:
арцыбіскуп Анджэло Амато (Італія), старшыня Кангрэгацыі па справах Кананізацыі,
арцыбіскуп Маўро П’ячэнца (Італія), старшыня Кангрэгацыі па справах Духавенства,
арцыбіскуп Раймонд Лео Бёрк (ЗША), старшыня Найвышэйшага Трыбунала Апостальскай Сігнатуры,
арцыбіскуп Фартунато Балдэллі (Італія), старэйшы пенітэнцыярый,
арцыбіскуп Веласіо дэ Паоліс (Італія), старшыня Прэфектуры эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы,
арцыбіскуп Курт Кох (Швейцарыя), старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству,
арцыбіскуп Робэрт Сара (Гвінея), старшыня Папскай рады «Cor Unum»,
Да таго ж Пантыфік прызначыў кардыналамі «за асаблівыя заслугі для Касцёла» іерархаў, якім звыш 80 год. Гэта кс. прэлат Даменіка Барталуччы, былы старшыня Папскага камітэту гістарычных навук, кс. прэлат Вальтэр Брандмюллер, былы дырэктар Папскай акадэміі «Pro Vita», арцыбіскуп Эліо Сгрэсіа і арцыбіскуп Мануэль Эстэпа Лаўрэнс.
На сённяшні дзень Калегія Кардыналаў налічвае 203 членаў. З іх 122 яшчэ не дасягнулі 80-гадовага ўзросту і могуць прымаць удзел у канклаве.
Першая кансісторыя сённяшняга Пантыфікату адбылася 24 сакавіка 2006 г. Тады Бэнэдыкт XVI надаў кардынальскі тытул 15 іерархам, сярод якіх таксама быў Станіслаў Дзівіш з Кракава. Другая кансісторыя адбылася 24 лістапада 2007 г., калі кардынальскую годнасць атрымалі 23 іерархі, сярод якіх быў Станіслаў Рылка, старшыня Папскай рады па справах свецкіх.
Кардынальская годнасць з’яўляецца найвышэйшай ступенню ў іерархіі Каталіцкага Касцёла, а галоўны прывілей для тых, хто быў адораны гэтай годнасцю, — права выбару Папы. Карані гэтай традыцыі паходзяць з першых стагоддзяў заходняга хрысціянства, бо напачатку гэта былі рымскія святары і дыяканы, якія належалі да найбліжэйшага акружэння Папы. Калегія Кардыналаў, падобная да той, якую мы ведаем сёння, узнікла ў сярэдзіне ХІІ ст. З 1586 г. да сярэдзіны ХХ ст. яна налічвала больш за 70 членаў. Ян XXIII (1958–1963) быў першым, хто перакрочыў гэтую лічбу, а Павел VI (1963–1978) увёў правіла, што кардыналы па дасягненні 80-гадовага ўзросту страчваюць права ўдзелу ў канклаве, а значыць у выбары Папы, а максімальная колькасць членаў Калегіі, якая мае права голасу, можа перавышаць 120.
Папа склікае кардыналаў на кансісторыі. Кансісторыя (лац. Сonsistorium) — гэта сход кардыналаў, прысутных у Рыме, якім кіруе Папа і які ён склікае па сваёй волі для супрацоўніцтва ў справе кіравання Сусветным Касцёлам. Упершыню пра кансісторыю ўзгадваецца ў першай палове ІХ ст., калі яна яшчэ з’яўлялася форумам, які склікаўся нерэгулярна. З ХІ ст. з’яўляецца дарадчым органам Папы, які падтрымлівае яго ў кіраванні Касцёлам. На працягу стагоддзяў змяняліся характар і роля кансісторыі. На сучасным этапе існуюць два яе віды: звычайная і надзвычайная.
Другі від кансісторыі, у якой прымаюць удзел толькі кардыналы, склікаецца Папам для абмеркавання найважнейшых актуальных спраў Касцёла, а таксама для прадстаўлення новых кандыдатур на кардынальскую годнасць.
У звычайнай кансісторыі могуць прымаць удзел, паводле спецыяльнага папскага запрашэння, не толькі кардыналы, але таксама іншыя іерархі і нават свецкія асобы. У такім выпадку кансісторыя можа мець публічны характар.
Найперш Папа падчас тайнага пасяджэння прызначае кардыналаў, а затым падчас публічнай кансісторыі ў базыліцы св. Пятра ўручае ім кардынальскія рэгаліі.
Новыя члены Калегіі абяцаюць вернаць Касцёлу і Святому Айцу, а затым атрымліваюць ад яго пярсцёнак, піуску і бірэт чырвонага колеру (пурпурнага). Чырвоны колер з’яўляецца адзнакай кардынальскай годнасці і сімвалізуе жыццё, цалкам адданае служэнню Касцёлу аж да праліцця крыві, калі будзе такая неабходнасць. У той жа час, каб падкрэсліць рымскія карані кардынальскай інстытуцыі і сувязі кардыналаў з Вечным Горадам, кожны з іх атрымлівае нейкі мясцовы Касцёл, дзе становіцца такім чынам сімвалічным пробашчам.