Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец узначаліў Нешпары на заканчэнне Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў |
Святы Айцец |
26.01.2011 12:19 |
25 студзеня 2011 г. у рымскай базыліцы св. Паўла за мурамі Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI узначаліў урачыстыя Нешпары на заканчэнне Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў. У набажэнстве прынялі ўдзел шматлікія прадстаўнікі хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў, прысутных у Рыме. «Наследуючы Езуса, які напярэдадні сваіх мукаў маліўся да Айца за сваіх вучняў: „Каб усе былі адно“ (пар. Ян 17, 21), хрысціяне працягваюць пастаянна прасіць Бога аб дары адзінства, — цытуе словы Пантыфіка беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. — Гэта просьба становіцца больш інтэнсіўнай на працягу Тыдня малітваў, які завяршаецца сёння». Святы Айцец адзначыў, што сёлетнія тэксты малітваў былі састаўлены хрысціянамі Іерусаліма. «Яны запрашаюць нас аднавіць і ўмацаваць нашыя намаганні ў аднаўленні поўнага адзінства сярод хрысціянаў», — адзначыў Папа. «Навучанне апосталаў, братэрскія адносіны, ламанне хлеба і малітва з’яўляліся канкрэтнымі формамі жыцця першай хрысціянскай супольнасці Ерузалема, якую аб’ядноўвала дзеянне Святога Духа. Можам сказаць, што яны ўяўлялі сабой фундаментальны вымярэнне бачнага Цела Касцёла, — працягваў Святы Айцец. — Мы павінны быць удзячнымі за тое, што ў апошнія дзесяцігоддзі экуменічны рух зрабіў значныя крокі наперад, развіваючы паміж Цэрквамі і хрысціянскімі супольнасцямі адносіны ўзаемнай павагі і практычнае супрацоўніцтва ў вырашэнні праблем сучаснага свету». «Мы добра ведаем, што мы ўсё яшчэ далёка ад адзінства, за якое маліўся Хрыстус, — адзначыў Святы Айцец. — Імкненне да аднаўлення поўнага адзінства сярод падзеленых хрысціянаў не можа быць зведзена да ўзаемнага прызнання адрозненняў і дасягнення мірнага суіснавання: мы жадаем такога адзінства, за якое сам Хрыстус маліўся і якое па сваёй прыродзе прысутнічае ў супольнасці вернікаў, сакрамэнтах і служэнні. Шлях да такога адзінства павінен успрымацца як маральны імператыў, як выразны адказ на Божы заклік. Таму нам неабходна пераадолець песімізм і абыякавасць, якія з’яўляюцца адсутнасцю веры ў моц Святога Духа. Наш абавязак — працягваць шлях да гэтай мэты з сур’ёзным і глыбокім дыялогам дзеля паглыблення агульнай тэалагічнай, літургічнай і духоўнай спадчыны, з узаемным разуменнем і, перш за ўсё, праз навяртанне сэрца і малітву». Святы Айцец прывітаў братнія хрысціянскія Цэрквы і супольнасці, якія прыбылі ў базыліку св. Паўла за мурамі, каб супольна маліцца за поўнае адзінства сярод паслядоўнікаў Хрыста, і заклікаў Панну Марыю, каб выпрасіла ў свайго Сына дар адзінства. |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.