Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бог заклікае да адзінства і перамены. Экуменічнае набажэнства ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
25.01.2012 12:16

У Хрыста няма падзелаў на католікаў, праваслаўных ці пратэстантаў, але ўсе мы носім адно імя хрысціянаў — Яго братоў і сясцёр. Такія словы прамовіў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падчас экуменічнага набажэнства ў гродзенскай катэдры.

У набажэнстве, што адбылося 24 студзеня 2012 г. у межах Тыдня малітвы за адзінства хрысціянаў, прынялі ўдзел вернікі хрысціянскіх канфесій са сваімі пастырамі. Грэка-каталіцкую супольнасць прадставіў а. Андрэй Крот, Ваўкавыска-Гродзенскую епархію Беларускай Праваслаўнай Царквы — а. Аляксандр Хомбак, а пастар Уладзімір Татарнікаў прамовіў да прысутных ад імя Евангельска-лютаранскай супольнасці Гродна.

Набажэнства распачалося са спеву гімну да Святога Духа. Пасля прачытання ўрыўкаў са Святога Пісання прысутныя ўзносілі малітоўныя просьбы ў патрэбах Касцёла і адінства хрысціянаў. Пасля да прысутных прамовіў прадстаўнік кожнай канфесіі.

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што «праз сумесную  малітву і разважанне Божага слова  Бог заклікае нас да сведчання аб адзінстве і перамене ў ласцы Божай».

«Малітва аб адзінстве хрысціянаў,  як дар Дух Святога,  заклікае  нас глядзець праўдзе ў вочы, прызнаючы, што перашкодай да прымірэння між намі заўсёды будзе грэх падзелу і прадузятасці. Таму менавіта праз малітву і пачутае Божае слова можам усвядоміць аднолькавыя  для ўсіх хрысціянаў праўды аб нашым пакліканні», — падкрэсліў біскуп Кашкевіч.

«Праз многія стагоддзі складанай гісторыі, а сёння асаблівым чынам, калі хрысціянства стаіць перад пагрозай духоўнага крызісу і неспакою над лёсам чалавецтва, хочам быць разам і будаваць тыя масты, якія паспрыяюць супрацьстаянню розным выклікам зла і амаральнасці», — адзначыў у прамове іерарх.

Сумесная малітва ў Гродне стала падсумаваннем Тыдня малітваў  аб адзінстве хрысціянаў у Гродзенскай дыяцэзіі. Напрыканцы набажэнства біскуп Кашкевіч заахвоціў,  каб усе хрысціяне маліліся адно за аднаго не толькі на працягу гэтага тыдня, але і заўсёды, падкрэсліваючы, што ўсім нам патрэбна адзінства.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме