Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў

24 студзеня 2012 г., гродзенская катэдра

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце нашым Збаўцы! Дарагія вернікі і ўдзельнікі сённяшняга набажэнства ўсіх хрысціянскіх канфесій! Усіх вас ад усяго сэрца вітаю ў нашай катэдры. Мяне вельмі радуе, што тут зноў адбываецца сумесная малітва за наша адзінства і адно да аднаго звяртаюцца  прадстаўнікі хрысціянскіх братніх канфесій.

Праз многія стагоддзі складанай гісторыі, а сёння асаблівым чынам, калі хрысціянства стаіць перад пагрозай духоўнага крызісу і неспакою над лёсам чалавецтва, хочам быць разам і будаваць тыя масты, якія паспрыяюць супрацьстаяць розным выклікам зла і амаральнасці.

Малітва аб адзінстве хрысціянаў,  як дар Дух Святога,  заклікае  нас глядзець праўдзе ў вочы, прызнаючы, што перашкодай да прымірэння між намі заўсёды будзе грэх падзелу і прадузятасці. Таму менавіта праз малітву  і пачутае слова Божае можам усвядоміць аднолькавыя  для ўсіх хрысціянаў праўды аб нашым пакліканні. Падкрэслівае гэта  змест чытанняў, у якія сёння ўслухоўваліся, — з кнігі Дзеяў Апосталаў, з першага Паслання Апостала Паўла да Карынцянаў і Евангелля паводле Яна.

Кніга Дзеяў Апосталаў вяртае нас да вытокаў нашай веры, калі пасля ўваскрасення Хрыста святы Пётр абвяшчаў Божае слова і складаў сведчанне аб Хрысце — Пераможцы смерці і нянавісці. У выніку яго навучання тры тысячы слухачоў прынялі хрост ў імя Найсвяцейшай Тройцы. Сведчанне аб Хрысце-Пераможцы прыводзіць да радыкальных пераменаў у Ерузалеме і навокал.

Знак хросту стаўся знакам таго нябачнага і бачнага адзінства, як вечнай прыналежнасці да Хрыста Збаўцы. Гэта не была перамога асобных людзей — святога Пятра альбо іншых Апосталаў. Гэта была перамога самога Хрыста і Яго ласкі.

Святы Аўгустын на пытанне: «дзе ў першых стагоддзях знаходзяцца тлумачэнні вельмі хуткага развіцця хрысціянства сярод язычнікаў?» адказаў, што адзінай вытлумачальнай крыніцай гэтай моцы  застаецца сам Хрыстус і Яго Любоў.

Вельмі часта можна пачуць выказванні хрысціянаў аб тым, што хтосьці з іх вызнае каталіцкую веру, другі — праваслаўную, а іншы — пратэстанцкую. На самой жа справе ўсе мы вызнаём адзіную хрысціянскую веру і верым у аднаго і таго ж Хрыста.

З гэтай веры для нас зыходзіць збаўленчая надзея перамогі над смерцю і надзея на ўдзел у вечным жыцці. У Хрыста няма падзелаў на католікаў, праваслаўных, пратэстантаў, але ўсе маем адно імя хрысціянаў — Яго братоў і сясцёр.

Узлюбленыя ў Хрысце Збаўцы браты і сёстры! Нельга  будаваць адзінства з Богам і з іншымі людзьмі, калі лічым Хрыста толькі заснавальнікам рэлігіі, а Яго навучанне — выключна зборнікам маральных нормаў і паводзінаў.

Хрыстус — гэта сапраўдны Бог, які рэальна прысутнічае сярод нас. Зышоў на зямлю, памёр і ўваскрос. Ён і сёння жыве сярод нас. Моцны рэалізм і сапраўднасць нашай веры нараджае сакрамэнт Хросту, Божае слова і кожная малітва ў любові і адданасці Богу.

Правільны і непрадузяты падыход  да адзінай веры і збаўлення — гэта той шлях, аб якім маліўся наш Збаўца ў сваёй малітве: «Ойча святы, не толькі за іх прашу Я, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе».

Святы Павел у Пасланні да Карынцянаў узгадвае, што нашыя зямныя расчараванні і незадаволенасці нараджаюцца з  недахопу веры ў канчатковую перамогу Хрыста над злом і смерцю.

Чаму мы, хрысціяне, шукаем сёння ратунку не ў Хрысце, а ў розных усходніх вераваннях і  ў самаўпэўненасці? Чаму цалкам не давяраем нашаму Збаўцу і баімся  жыць паводле Яго навучання?

Гэтыя пытанні кіруем сёння да нас усіх і хочам лепш даследваць праўду аб Божай перамозе Любові над нянавісцю, жыцця над смерцю, ласкі над грахом.

Без Хрыста і веры ў Яго перамогу нельга сёння супрацьстаяць маральнаму злу ў нашых сем’ях і сучасным грамадстве. Вельмі хочацца, як заклікае нас дэвіз Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, каб мы ўсе былі перамененыя перамогай  нашага Пана Езуса Хрыста. Дзякуючы гэтай перамене будзем сапраўднымі сведкамі  Хрыста.

Сёння цяжка сабе ўявіць, каб хтосьці ў нашай краіне не чуў аб Хрысце і аб Збаўленні, але, на жаль, гэта не можа яшчэ зрабіць нашага грамадства хрысціянскім.  Таму патрэбна рабіць тыя станоўчыя намаганні ў напрамку адважнага прыбліжэння  патрабаванняў Евангелля, не прыстасоўваючы іх  да свету і яго звычак. Сёння праз сумесную  малітву і разважанне над Божым словам  Бог заклікае нас да сведчання аб адзінстве і перамене ў ласцы Божай.

Святы Ян Евангеліст пераказвае словы Хрыста аб пшанічным зерне, якое, паміраючы, прыносіць плёны, і хто менш палюбіць зямное жыццё,  той атрымае  вечнае.

Узлюбленыя, гэта — шлях усіх пакліканых у Хрысце да паступовай перамены і падрыхтоўкі да вечнага жыцця. Ён з’яўляецца  надзеяй на пераможную ўзнагароду і напрамкам да адзінства.

Жадаю ўсім вам і сабе таксама,  каб мы ўмелі перажываць нашую веру ў надзеі Хрыстовай перамогі! Асабліва заахвочваю вас, дарагія браты і сёстры, да ўзаемнай пашаны і малітвы адно за аднаго!

Заклікаю ўсе сем’і, а асабліва тыя,  дзе  разам жывуць вернікі розных канфесій, імкнуцца і надалей захоўваць прыклад адзінства веры і любові.

Няхай Бог дапаможа ўсім хрысціянам шукаць і знайсці тое, што ўсіх  аб’ядноўвае, а не раздзяляе, каб злучыць усіх з сабою на векі вечныя. Амэн.

Адноўлена 25.01.2012 12:15
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі