Святы Айцец накіраваў спачуванні ахвярам землятрусу ў Новай Зеландыі |
Святы Айцец |
23.02.2011 16:55 |
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI накіраваў спачуванні пацярпелым ад землятрусу ў Крайстчорчы (Новая Зеландыя). Ад імя Папы тэлеграму на імя біскупа горада Бэрры Джонса падпісаў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ. У пасланні адзначаецца, што Пантыфік выказвае жаль з прычыны знішчэнняў і гібелі многіх людзей, запэўніваючы адначасова ў духоўнай блізкасці з тымі, каго закрануў гэты катаклізм і хто аплаквае сваіх родных. «Давяраючы ахвяраў міласэрнай любові Бога, Яго Святасць запэўнівае жыхароў Крайстчорча і ўвесь народ Новай Зеландыі ў сваёй малітве за ўсіх тых, хто узмоцнена працуе, каб ратаваць і дапамагаць параненым», — гаворыцца ў тэлеграме. Папа просіць Бога аб благаслаўленні, спасланні жыхарам краіны адвагі і сілы. Пантыфік згадаў аб ахвярах землятрусу і падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 23 лютага 2011 г. Кажучы аб тых, хто спазнаў гэты трагічны вопыт, Святы Айцец заклікаў вернікаў: «Просім Бога, каб вучыў іх вытрываласці і падтрымліваў усіх, хто ўдзельнічае ў выратавальнай акцыі. Прашу таксама вас, каб далучыліся да мяне ў малітве за ўсіх, хто страціў жыццё». |