Бэнэдыкт XVI адсвяткаваў імяніны |
Святы Айцец |
12.07.2012 12:36 |
11 ліпеня ў летняй папскай рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа прагучаў канцэрт спецыяльна для Пантыфіка. Менавіта ў гэты дзень, калі Касцёл узгадвае постаць святога Бэнэдыкта, апекуна Еўропы, Святы Айцец адзначае свае імяніны. Перад Пантыфікам выступіў дырыжор Даніэль Бэрэнбоім і створаны ім сімфанічны аркестр «West-Eastern Divan», у якім граюць хрысціяне, мусульмане і габрэі пераважна з краін Блізкага Усходу. Святы Бэнэдыкт — айцец манаства на хрысціянскім Захадзе — нарадзіўся каля 480 г. у Нурсіі (паўднёвая Італія) і паходзіў з багатай сям’і. Пакінуўшы вучобу ў Рыме, стаў пустэльнікам. Праз пэўны час вакол яго сабралося шмат іншых манахаў, і каля 529 г. ён разам з паплечнікамі заснаваў на поўдні ад Рыма славуты кляштар Монтэ Касіна. Асноўным правілам манаскага жыцця ў ім былі словы «Ora et labora» («Маліся і працуй»), якія сталі дэвізам ордэна бэнэдыктынцаў. У Монтэ Касіна Бэнэдыкт напісаў статут — Ordo Sancti Benedicti, — які стаў асноваю для большасці манаскіх супольнасцяў Захаду. Заснаваны ім ордэн бэнэдыктынцаў на працягу стагоддзяў быў найбольш значным духоўным, культурным і навуковым асяродкам Еўропы. У 590 г. бэнэдыктынец упершыню стаў Папам. Святы Бэнэдыкт памёр 21 сакавіка 547 г. і быў пахаваны на Монтэ Касіна каля магілы сваёй сястры-блізняці святой Схаластыкі. Святы з’яўляецца апекуном Еўропы і ўсяго Захаду, а таксама настаўнікаў і школьнікаў. |