Бэнэдыкт XVI спачувае ахвярам трагедыі ў Венесуэле |
Святы Айцец |
28.08.2012 16:04 |
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI спачувае ахвярам трагедыі на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Венесуэле, у выніку якой загінулі 39 чалавек. У тэлеграме, скіраванай на імя старшыні епіскапату гэтай краіны арцыбіскупа Дыега Санчаса, Папа адзначыў, што моліцца аб вечным супакоі для памерлых і выказвае сваю блізкасць параненым і членам сем’яў загінуўшых. «Акрамя таго, Святы Айцец заклікае усе грамадзянскія і касцёльныя супольнасці Венесуэлы з любоўю і ў духу хрысціянскай салідарнасці аказаць дапамогу тым, хто згубіў жыллё і асабістую маёмасць», — гаворыцца ў пасланні, падпісаным Дзяржсакратаром Яго Святасці кардыналам Тарчызіо Бэртонэ, якое цытуе Ватыканскае радыё. Выбух на буйнейшым у Венесуэле НПЗ, які знаходзіцца каля горада Амуай, адбыўся 25 жніўня каля 01.00 па мясцовым часе. Яго прычынай, хутчэй за ўсё, стала ўцечка газу. У выніку трагедыі загінулі 39 чалавек, большасць з якіх складаюць ахоўнікі прадпрыемства, і яшчэ каля 80 атрымалі раненні. Былі пашкоджаны таксама каля 200 будынкаў на тэрыторыі завода і за яго межамі. |