Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI заклікаў дыпламатаў спрыяць міру на планеце
Святы Айцец
07.01.2013 15:09

7 студзеня Бэнэдыкт XVI сустрэўся з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы. Такія сустрэчы адбываюцца штогод пасля святаў Божага Нараджэння і Новага году. Лейтматывам сёлетняга паслання стаў заклік да спрыяння міру на планеце.

Пантыфік закрануў вялікі спектр актуальных тэм, якія турбуюць Апостальскую Сталіцу і яго асабіста: пакуты людзей у гарачых кропках, пагарда да фундаментальных чалавечых правоў і іх няправільнае разуменне, неабходнасць інвестававання ў адукацыю, асабліва народаў бедных краін.

Асаблівую ўвагу Папа звярнуў на неабходнасць спрыяння прымірэнню ў Сірыі і аказання гуманітарнай дапамогі сірыйскаму народу, які на працягу доўгага часу пакутуе ад узброенага канфлікту. Таксама Святы Айцец нагадаў аб неабходнасці дапамогі ў вырашэнні араба-ізраільскага канфлікту. «У сувязі з прызнаннем Палестыны краінай-назіральніцай ААН я аднаўляю мой заклік, каб з дапамогай міжнароднай супольнасці, ізраільцяне і палестынцы дзейнічалі на карысць мірнага суіснавання ў кантэксце двух суверэнных краін, у якіх павага да справядлівасці і законных жаданняў абодвух народаў будуць абаронены і гарантаваны», — прыводзіць словы Пантыфіка Ватыканскае радыё.

Святы Айцец выразіў таксама сваю заклапочанасць сітуацыяй у Іраку, Паўночнай і Цэнтральнай Афрыцы.

Іншай тэмай, на якую звярнуў увагу Пантыфік, стала неабходнасць абароны фундаментальных правоў чалавека, у першую чаргу — права на жыццё на ўсіх яго этапах. Папа пазітыўна выказаўся аб прынятай у студзені 2012 г. рэзалюцыі Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы аб забароне эўтаназіі, якая была акрэслена як «свядомае забойства, дзеяннем ці бяздзейнасцю чалавека ў стане залежнасці».

Адначасова Пантыфік з жалем адзначыў, што на працягу мінулага года ў некаторых краінах з моцнымі хрысціянскімі каранямі, былі легалізаваны аборты. «Аборт, які разглядаецца ў якасці мэты ці сродка, цяжка супярэчыць маральнаму праву», — адзначыў Папа.

Акрамя спрыяння міру праз абарону правоў чалавека, на думку Святога Айца, важна спрыяць адукацыі і выхаванню людзей. Паводле яго, недахоп выхавання прывёў да эканамічнага і фінасавага крызісаў, бо замест працы «празмерна абсалютызаваўся прыбытак».

Тым не менш, як падкрэсліў Святы Айцец, «не дастаткова толькі добрых эканамічных мадэляў», бо «справядлівасць рэалізуецца толькі калі ёсць справядлівыя людзі!»

Яшчэ адной пагрозай міру Пантыфік лічыць маргіналізацыю рэлігіі ў грамадскім жыцці і нападкі на рэлігійную свабоду. Папа заклікаў дыпламатаў спрыяць прымірэнню паміж народамі праз дыялог і прывёў прыклад пагаднення паміж польскім каталіцкім епіскапатам і Маскоўскім Патрыярхатам.

Бэнэдыкт XVI нагадаў, што дыпламатыя Апостальскай Сталіцы грунтуецца на любові, якая рэалізуецца ў розных канкрэтных сферах дзейнасці Касцёла на планеце.

(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.