Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак зацвердзіў адпусты на Год Міласэрнасці
Святы Айцец
01.09.2015 14:40

«Хачу, каб Юбілей быў жывым досведам блізкасці Айца, дотыкам да Яго пяшчоты, каб вера кожнага верніка была ўзмоцнена і, такім чынам, яго сведчанне стала яшчэ больш плённым», — такая думка гучыць у пачатку ліста Папы Францішка да арцыбіскупа Рына Фізікеллы, старшыні Папскай рады па новай евангелізацыі.

Галоўнай тэмай паслання, абнародаванага ў Ватыкане 1 верасня, сталі адпусты, звязаныя з Надзвычайным Юбілейным Годам Міласэрнасці, які пачынаецца ў Касцёле 8 снежня 2015 г.  

«Каб перажыць і атрымаць адпуст, вернікі павінны зрабіць кароткую пілігрымку да Святых дзвярэй, адчыненых у кожнай катэдры або касцёлах, вызначаных дыяцэзіяльным біскупам, а таксама ў чатырох папскіх базыліках у Рыме, у знак глыбокага імкнення да сапраўднага навяртання. Акрамя таго, я распараджаюся, каб у санктуарыях, дзе былі адчынены Дзверы Міласэрнасці, і ў касцёлах, якія традыцыйна вызначаны ў якасці юбілейных, існавала магчымасць атрымання адпусту. Важна, каб гэты момант быў звязаны, у першую чаргу, з сакрамэнтам паяднання і ўдзелам у святой Імшы, а таксама з разважаннем пра міласэрнасць. Неабходна будзе суправаджаць гэтыя цэлебрацыі вызнаннем веры і малітвай за мяне і ў маіх інтэнцыях, якія нашу ў маім сэрцы на карысць Касцёла і ўсяго свету», — напісаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што асаблівым чынам думае пра тых, хто па розных прычынах не будзе мець магчымасці прайсці праз Святыя дзверы: хворых і людзей пажылога ўзросту. Для іх спосабам атрымання адпусту будзе прыняцце святой Камуніі і ўдзел у святой Імшы або супольная малітва, нават з дапамогай сродкаў камунікацыі, напрыклад, радыё і тэлебачання.

Вялікай «амністыяй» назваў Папа Год Міласэрнасці для зняволеных. «Яны могуць атрымаць адпуст у турэмных капліцах. А калі будуць праходзіць праз дзверы сваёй камеры, кіруючы думкі і малітвы да Айца, няхай кожны раз гэты жэст азначае для іх праходжанне праз Святыя дзверы, таму што Божая міласэрнасць, якая можа змяняць сэрцы, таксама ў стане ператварыць краты ў досвед волі», — адзначыў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу на багацце, якое захоўваецца ва ўчынках міласэрнасці для душы і цела бліжняга. «Кожны раз, калі нехта з вернікаў асабіста выканае адзін або некалькі гэтых учынкаў, безумоўна, атрымае юбілейны адпуст. (…) Гэта будзе поўны юбілейны адпуст, плён самой падзеі, якая цэлебруецца і перажываецца з верай, надзеяй і любоўю», — гаворыцца ў лісце Святога Айца. Папа нагадаў, што адпуст можа быць ахвяраваны не толькі за сябе, але і за памерлага.

Пантыфік прыняў яшчэ адно беспрэцэдэнтнае рашэнне: у Год Міласэрнасці ён даў права кожнаму святару адпускаць грэх аборту асобам, якія ўчынілі яго, шкадуюць за яго і просяць аб прабачэнні. «У Божым прабачэнні нельга адмовіць нікому, хто шкадуе, асабліва калі са шчырым сэрцам прыступае да сакрамэнту пакаяння, каб прымірыцца з Айцом», — так аргументаваў сваё рашэнне, якое было прынята, «нягледзячы на ўсе супярэчныя правілы», Папа Францішак.

Яшчэ адно распараджэнне Пантыфіка датычыць вернікаў, якія па розных прычынах выбіраюць касцёлы, дзе служаць святары з Брацтва св. Пія X, якіх называюць лефэбрыстамі. «Гэты Юбілейны Год Міласэрнасці нікога не выключае, — напісаў Папа і дадаў: — Распараджаюся і пастанаўляю, што асобы, якія ў Святы Год Міласэрнасці прыступяць да сакрамэнту пакаяння ў святароў Брацтва св. Пія X, атрымаюць сапраўднае і годнае адпушчэнне грахоў».

Пантыфік даверыў Юбілей заступніцтву Маці Міласэрнасці і даручыў Яе апецы падрыхтоўку да яго.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.