Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец распавёў пра Год Міласэрнасці
Святы Айцец
04.12.2015 14:00

Папа Францішак даў інтэрв’ю афіцыйнаму часопісу Юбілейнага Года Міласэрнасці «Credere» (Верыць), у якім распавёў пра свае чаканні ад гэтай важнай падзеі ў жыцці Касцёла.

Пантыфік заўважыў, што рашэнне аб абвяшчэнні Юбілею не прымалася раптоўна. Тэма міласэрнасці пачала акцэнтавацца ў жыцці Касцёла яшчэ падчас пантыфікату Паўла VI. Святы Ян Павел ІІ яшчэ больш падкрэсліў яе значэнне праз выданне энцыклікі «Dives in misericordia», кананізацыю святой Фаўстыны Кавальскай і ўстанаўленне свята Божай Міласэрнасці.

«Згодна з гэтай лініяй я адчуў, што Пан прагне паказаць людзям сваю міласэрнасць, таму ідэя не ўзнікла ў маёй галаве. Я падхапіў адносна нядаўнюю традыцыю і зразумеў, што неабходна было зрабіць нешта, каб працягнуць яе», - сказаў Святы Айцец.

Папа Францішак нагадаў, што яшчэ ў першыя дні пантыфікату нямецкі кардынал Вальтэр Каспер падарыў яму некалькі кніг, прысвечаных Божай Міласэрнасці.

Менавіта аб гэтым Пантыфік казаў у сваёй першай гаміліі ў ватыканскай парафіі Св. Ганны, а таксама ў першым разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра.

«Відавочна, што сённяшні свет мае патрэбу ў міласэрнасці, мае патрэбу ў спачуванні», – перакананы Папа Францішак.

У інтэрв’ю Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што свет прызвычаіўся да кепскіх навін і вялікіх злачынстваў, якія абражаюць імя Бога.

«Свет мае патрэбу ў адкрыцці таго, што Бог – гэта Айцец, што існуе міласэрнасць, а лютасць і асуджэнне не з’яўляюцца шляхам. Сам Касцёл часам ідзе цвёрдай лініяй, паддаецца спакусе крочыць ёй, спакусе падкрэсліваць толькі маральныя нормы, але мноства людзей аказваецца вонкі», – дадаў Пантыфік.

Папа Францішак прызнаўся, што пад уплывам усёй гэтай сітуацыі ў яго галаве з’явіўся вобраз Касцёла як шпіталя на поле бітвы.

Святы Айцец патлумачыў, што існуе шмат цяжка параненых людзей, якіх трэба тэрмінова «лячыць, а не высвятляць, які ў іх узровень халестэрыну».

Паводле слоў Папы, надыходзячы Юбілей Міласэрнасці павінен стаць часам прабачэння і паяднання.

Святы Айцец нагадаў, што адчувае сябе грэшнікам, на якога Бог паглядзеў з міласэрнасцю, чалавекам, якому было шмат прабачана, таму часта разважае над сваімі грахамі і памылкамі і спавядаецца кожныя 15-20 дзён.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.