Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа адчыніў Святыя Дзверы ў базыліцы св. Пятра
Святы Айцец
08.12.2015 20:18

8 снежня пасля ўрачыстай літургіі на ватыканскай плошчы Папа Францішак адчыніў Святыя Дзверы ў базыліцы св. Пятра, распачынаючы такім чынам Год Міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле.

Год Міласэрнасці будзе доўжыцца да 20 лістапада 2016 г. У гэты час у Рыме чакаецца прыбыццё мільёнаў пілігрымаў з усяго свету. 8 снежня таксама адзначаецца 50-годдзе завяршэння Другога Ватыканскага Сабору. Таму падчас абраду чыталіся фрагменты чатырох саборных канстытуцый.

Папа Францішак спрасціў цырымонію і адмовіўся ад традыцыйнага сімвалічнага трохразовага ўдару малатком і размуравання сцяны, якая знутры базылікі закрывае Дзверы і ўзносіцца заўсёды на перыяд паміж юбілеямі. Пантыфік абмежаваўся толькі адкрыццём Брамы Міласэрнасці, штурхнуўшы яе два крылы. Затым Святы Айцец спыніўся на парозе храма і пагрузіўся ў малітву. Другім за Папам праз Святыя Дзверы прайшоў Пантыфік на пенсіі Бэнэдыкт XVI.

Паводле тэолагаў і літургістаў, Святыя Дзверы сімвалізуюць Хрыста, які сказаў: “Я – брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу” (Ян 10, 9). Яны таксама ўяўляюць сабой сэрца верніка, які павінен быць адкрыты для Хрыста. Традыцыя адкрыцця Святых Дзвярэй у пачатку Юбілейнага Года ўзыходзіць да 1499 г., калі гэта ўпершыню зрабіў на Божае Нараджэнне Папа Аляксандр VI.

Цяперашнія Святыя Дзверы ватыканская базыліка атрымала ў дар ад швейцарскіх католікаў, як выраз падзякі Богу за выратаванне іх краіны ад зверстваў і катастроф Другой сусветнай вайны. Яны былі ўсталяваны да Юбілею 1950 года.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.