Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: на працягу Юбілею ўзрастаць ва ўпэўненасці ў Божай міласэрнасці
Святы Айцец
08.12.2015 20:31

Год Міласэрнасці – гэта дар ласкі, адзначыў Папа Францішак у гаміліі падчас урачыстай святой Імшы на адкрыццё Юбілею Міласэрнасці на ватыканскай плошчы 8 снежня. У Імшы ўдзельнічалі каля 50 тыс. чалавек.

Спасылаючыся на просты і вельмі сімвалічны жэст адкрыцця Святых Дзвярэй, а таксама біблійныя тэксты, якія прагучалі падчас літургіі, Папа заўважыў, што тут на першае месца пастаўлена «першынства ласкі». «Паўната ласкі ў стане перамяніць сэрца і ўчыніць яго здольным да такіх вялікіх спраў, якія могуць змяніць гісторыю чалавецтва», - сказаў Пантыфік.

Узгадваючы пра ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая адзначаецца ў Касцёле 8 снежня, Папа падкрэсліў, што яна выражае «веліч любові Бога»: Пан пажадаў пазбавіць Марыю першароднага граху, які кожны чалавек нясе на сабе, калі прыходзіць на свет.

Святы Айцец заўважыў, што чалавек заўсёды сустракаецца са спакусай непаслухмянасці, якая выражаецца ў імкненні планавання ўласнага жыцця незалежна ад Божай волі. У той жа час, дадаў Пантыфік, гісторыю граху можна зразумець толькі ў святле любові, якая прабачае. «Калі б усё трывала ў граху, мы былі б самымі няшчаснымі сярод усіх стварэнняў, але абяцанне перамогі любові Хрыста заключае ўсё ў міласэрнасці Айца», - патлумачыў Папа.

Год Міласэрнасці – гэта дар ласкі, а праход праз Святыя Дзверы азначае адкрыццё глыбіні міласэрнасці Айца, які прымае ўсіх і выходзіць кожнаму насустрач, дадаў Папа. Таму Пантыфік заклікаў вернікаў на працягу Юбілею ўзрастаць ва ўпэўненасці ў Божай міласэрнасці.

Святы Айцец заўважыў, што адкрыццё Юбілейнага Года супала з 50-й гадавінай завяршэння Другога Ватыканскага Сабору, «сапраўднай сустрэчы паміж Касцёлам і чалавекам нашага часу». Папа падкрэсліў, што Год Міласэрнасці падштурхоўвае Касцёл быць місійным, не занядбоўваць духy Добрага Самараніна, які выйшаў з Сабору.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.