Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Каспер: сустрэча Папы і Патрыярха не выключана |
Святы Айцец |
18.09.2009 18:08 |
Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Вальтэр Каспер выказаўся наконт пераходу адносін Каталіцкага Касцёла з Маскоўскім Патрыярхатам у новую фазу. 17 верасня 2009 г. старшыня ведамства Апостальскай Сталіцы сустрэўся з кіраўніком Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату архіепіскапам Валакаламскім Іларыёнам у час знаходжання расійскага праваслаўнага іерарха ў Ватыкане. Мэтай візіту архіепіскапа Іларыёна з’яўляецца абмеркаванне праблем, звязаных з дыялогам паміж абедзвюма Цэрквамі. Кардынал Каспер адзначыў, што сёння паміж Цэрквамі існуюць спакойныя і канструктыўныя адносіны. Па словах кардынала, архіепіскап Іларыён падкрэсліў, што ў Праваслаўнай Царкве Святы Айцец Бэнэдыкт XVI карыстаецца вялікай павагай. Таксама архіепіскап падзяліўся сваімі думкамі наконт далейшай працы праваслаўна-каталіцкай камісіі па тэалагічным дыялогу. Праваслаўная Царква выказвае жаданне вярнуцца да стала размоў. Факт знікнення цяжкасцяў, якія існавалі паміж Масквой і Канстанцінопалем у справе Эстоніі, таксама спрыяе распачаццю супольнай працы. Акрамя гэтага, кардынал Каспер і архіепіскап Іларыён абмеркавалі пытанні сумеснай працы святароў і тэолагаў, накіраванай на паляпшэнне ўзаемаадносінаў паміж Цэрквамі. Па словах ватыканскага іерарха, абодва бакі гатовы крок за крокам пераадольваць існуючыя цяжкасці. Закранаючы пытанне аб тым, ці пацвердзіцца інфармацыя аб магчымай сустрэчы папы Бэнэдыкта XVI з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, кардынал Каспер адзначыў, што такое развіццё падзей не выключана. Іерарх заўважыў таксама, што «калі справа дойдзе да гэтай сустрэчы, то яна, аднак, будзе адбывацца не ў Маскве і не ў Рыме». |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.