Кардынал Каспер: першынства Рыма не выключае праваслаўную саборнасць |
09.09.2009 17:04 |
Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Вальтэр Каспер сцвярджае, што першынства Рыма, прызнанае ў каталіцтве, і праваслаўная саборнасць не выключаюць адно другога. Пра гэта старшыня ватыканскага ведамства паведаміў на кангрэсе каталіцкай дабрачыннай арганізацыі «Рэнавабіс», які праходзіў у Фрайзінгу (Германія) 3-5 верасня 2009 г.
У ходзе кангрэса, прысвечанага праблемам экуменічнага дыялогу Усходу і Захаду, пазіцыю каталіцкага іерарха падтрымаў румынскі праваслаўны Мітрапаліт Заходняй і Паўднёвай Еўропы Іосіф Поп. Удзельнікі дыскусіі адзначылі, што адной з галоўных і найбольш складаных тэм праваслаўна-каталіцкага дыялогу з’яўляецца першынства Папы Рымскага.
Кардынал Каспер упэўнены, што Еўропа захавае сваю ідэнтычнасць і адзінства толькі ў тым выпадку, калі будзе жыць згодна з хрысціянскімі каштоўнасцямі. У сувязі з гэтым ватыканскі іерарх падкрэсліў важнасць праваслаўна-каталіцкай салідарнасці і з задавальненнем адзначыў, што дыялог паміж дзвюма канфесіямі праходзіць у атмасферы «сяброўства і братэрства». Асабліва важным, на думку кардынала, з’яўляецца паляпшэнне адносін з Рускай Праваслаўнай Царквой. Разам з тым «тысячагадовы падзел цяжка пераадолець хутка», — лічыць старшыня Папскай рады.
Арганізацыя нямецкіх католікаў «Рэнавабіс», якая праводзіла міжнародны кангрэс, з моманту свайго заснавання аказвае дапамогу Рускай Праваслаўнай Царкве ў аднаўленні храмаў, кляштараў і духоўных школ.
Паводле матэрыялаў Ватыканскага радыё
|