Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў разаслала новую гамілістычную дырэкторыю
Рымская курыя
20.12.2014 16:45

Новая гамілістычная дырэкторыя была разаслана Кангрэгацыяй Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў мясцовым епіскапатам. Дэкрэт аб гэтым быў змешчаны ў “L’Osservatore Romano”.

Дакумент складаецца з дзвюх галоўных частак, прысвечаных гаміліі ў літургічным кантэксце і “мастацтву прапаведвання”. Іх дапаўняюць два дадаткі: аб сувязі паміж гаміліяй і навучаннем Касцёла, а таксама са спасылкамі на дактрынальныя дакументы на тэму гаміліі. Публікацыя тэксту дырэкторыі была аўтарызавана Папам Францішкам.

У якасці каментара да яго на старонках ватыканскай газеты быў апублікаваны артыкул сакратара Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў арцыбіскупа Артура Роша пад назвай “За амбонай не імправізуюць”. У ім аўтар патлумачыў, што дырэкторыя паклікана дапамагчы знайсці адказы на пытанні аб прыродзе гаміліі, яе зместу і патрабаваннях да прапаведнікаў.

Гамілія, як адзначаецца, займае асаблівае месца ў цэлебрацыі святых таямніц. Каштоўнасць гаміліі паходзіць ад яе эўхарыстычнага кантэксту, таму яна “пераўзыходзіць любую катэхезу”. Гамілія з’яўляецца “самым высокім момантам дыялогу паміж Богам і Яго народам, перад сакрамэнтальнай камуніяй”, нагадаў іерарх.

Адзначаецца, што для біскупа ці святара, асабліва пробашча, гамілістычнае прапаведванне з’яўляецца галоўнай часткай яго навучання, “гэта значыць служэння – дараванага і прынятага ў момант сакральнага пасвячэння – абвяшчаць Евангелле Езуса Хрыста”. Гамілія можа дапамагчы “тым, хто яе слухае, лепш прымаць у сэрца Слова, якое перамяняе жыццё тых, хто ажыцяўляе яго на практыцы”. Менавіта па гэтай прычыне гамілія не можа быць імправізаванай, падкрэсліў арцыбіскуп Рош.

Іерарх дадаў, што прапаведнік павінен ведаць і пастаянна абуджаць у сабе ўсведамленне таго, што Касцёл патрабуе ад яго, давяраючы яму місію ламання хлеба Божага слова на эўхарыстычнай асамблеі, што прадпісваюць літургічныя кнігі адносна гэтай выключнай дзейнасці, якія кампетэнцыі ён павінен развіваць у сабе, а таксама якімі з’яўляюцца сапраўдныя патрэбы і чаканні вернікаў, сабраных на малітве з ім.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.