Папская рада па справах сям’і: Год Міласэрнасці павінен быць для сем’яў і Касцёла часам збліжэння |
Рымская курыя |
24.11.2015 15:51 |
Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі падкрэсліў, што невыпадкова Юбілей сем’яў стане адным з першых буйных мерапрыемстваў Года Міласэрнасці. Ён будзе праходзіць 27 снежня, у нядзелю Святой Сям’і. У Ватыкане сем’і сустрэнуцца спачатку ля святочных ясляў на плошчы св. Пятра, пад адкрытым небам, у холадзе, каб затым прайсці праз Святыя Дзверы і сабрацца разам ля алтара над магілай св. Пятра. Гэта павінна стаць сімвалічным пераходам ад часам суровых рэалій жыцця да супольнасці вакол алтара, патлумачыў арцыбіскуп Вінчэнца Палья. Апрача сем’яў, свае юбілеі ў Ватыкане адзначаць розныя групы вернікаў. 3 красавіка там адбудзецца цэлебрацыя для членаў шматлікіх рухаў, асацыяцый, манаскіх супольнасцяў, звязаных з духоўнасцю, заснаванай на Божай міласэрнасці. Члены дабрачынных і валанцёрскіх аб’яднанняў запрашаюцца ў Ватыкан 4 верасня. Тыя, хто асаблівым чынам падзяляе марыйную духоўнасць, змогуць прыняць удзел у спецыяльнай цэлебрацыі 9 кастрычніка. Сустрэча для моладзі адбудзецца 24 красавіка. Юбілейныя сустрэчы для дыяканаў, святароў і катэхетаў пройдуць адпаведна 29 мая, 3 чэрвеня і 25 верасня. Хворыя і інваліды запрашаюцца ў Ватыкан 12 чэрвеня. 6 лістапада адбудзецца спецыяльная цэлебрацыя для вязняў. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |