Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Пол Галахер прадставіў напрамкі ватыканскай дыпламатыі
Рымская курыя
16.12.2015 17:40

«Еўрапейскі Саюз павінен распрацаваць такую агульную міграцыйную палітыку, якую будзе ў стане рэалізаваць. У адваротным выпадку, трэба чакаць сур’ёзных праблем, як унутраных, так і знешніх», — лічыць арцыбіскуп Пол Галахер, сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.

Арцыбіскуп адзначыў, што ў распрацоўцы такой палітыкі павінны прымацца да ўвагі магчымасці асобных краін.

Некаторыя з іх ужо на працягу 50 гадоў рэгулярна прымаюць мігрантаў, іншыя не маюць такога вопыту, адзначыў ватыканскі дыпламат 14 снежня падчас сустрэчы ў культурным цэнтры пасольства Францыі пры Святым Пасадзе.

Іерарх прадставіў асноўныя напрамкі ватыканскай дыпламатыі і ўказаў на рызыкі, якія вынікаюць з так званай «фрагментарнай трэцяй сусветнай вайны».

«Гаворка ідзе пра трэцюю сусветную вайну, таму што ўсе канфлікты сёння вельмі складаныя і нейкім чынам ўзаемазвязаныя. Гэта ўяўляе сабой сур’ёзную пагрозу», — падкрэсліў іерарх і дадаў, што, напрыклад, падзеі ў Францыі заўтра могуць мець свае наступствы на Блізкім Усходзе, і наадварот.

«Мы, як Святы Пасад, не спыняемся ў нашым дыпламатычным узаемадзеянні, у працы з міжнароднай супольнасцю, нашымі партнёрамі і пастырамі мясцовых Касцёлаў, каб абараніць супольнасці, якія знаходзяцца ў небяспецы, садзейнічаць справядлівасці і міру, шукаць дыпламатычнага вырашэння найбольш сур’ёзных канфліктаў сучаснасці», — адзначыў арцыбіскуп Пол Галахер.

Ватыканскі дыпламат лічыць, што чалавецтва знаходзіцца на пераломным этапе гісторыі.

Небяспека ў тым, паводле слоў арцыбіскупа, што ўсё — канфлікты на Блізкім Усходзе, сур’ёзныя праблемы ў Еўропе — можа аб’яднацца ў адзінае цэлае. Гэта можна ўбачыць на прыкладзе мінулых буйных войнаў.

Калі губляецца кантроль над сітуацыяй, гэта можа прывесці да выбуху, і гэтага варта пазбягаць, дадаў іерарх.

Арцыбіскуп Пол Галахер паведаміў, што ў цяперашні час вядзецца напружаная праца па вырашэнні праблем у Сірыі, Лівіі і ў рэгіёне Вялікіх азёр.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.