Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыканскі кардынал: хрысціянства — гэта не субкультура
Рымская курыя
23.12.2015 11:46

Пры назіранні сёння за публічным жыццём можа скласціся ўражанне, што вялікія праблемы ствараюць перш за ўсё знакі рэлігійнага характару. Праявай гэтага з’яўляецца моцная тэндэнцыя да пераносу рэлігіі з грамадскага жыцця ў прыватную сферу або сферу субкультуры, заўважыў кардынал Курт Кох у інтэрв’ю швейцарскаму выданню SonntagsBlick.

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству адзначыў, што часцей за ўсё падобнае стаўленне прадыктавана талерантнасцю, якую неабходна аказваць у адносінах да іншых рэлігій. Па словах іерарха, гаворка ідзе пра «пагібельную памылку», бо нават большасць мусульман у Швейцарыі бачыць пагрозу не ў хрысціянстве, але ў паўсюднай секулярызацыі і прыбіранні ўсялякіх рэлігійных сімвалаў з публічнага жыцця.

Кардынал Кох перакананы, што рэлігія павінна заняць трывалае месца ў публічнай сферы. «Толькі такім чынам грамадства зможа зрабіць істотны ўклад у справу міру паміж веравызнаннямі», — сцвердзіў старшыня Папскай рады.

Кардынал распавёў пра выпадкі, калі мусульмане адпраўляюць сваіх дзяцей на каталіцкія заняткі рэлігіі, каб там яны атрымалі адпаведныя рэлігійныя веды, «паколькі грамадства, якое з’яўляецца глухім да рэлігійных каранёў і скідвае рэлігію да ўзроўню субкультуры, аказваецца няздольным да дыялогу культур і веравызнанняў».

Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што рэлігія з’яўляецца элементам культуры, пра што сведчыць, напрыклад, публічнае выкарыстанне сімвалаў, звязаных з Божым Нараджэннем. Па словах кардынала, забыццё аб хрысціянскіх каранях Еўропы ставіць пад пытанне ўсю яе гістарычную культуру. Старшыня Папскай рады нагадаў, што большасць швейцарцаў з’яўляюцца хрысціянамі, а згодна з дэмакратычнымі прынцыпам большасць павінна карыстацца іншай пашанай, у тым ліку ў адносінах і да Божага Нараджэння.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.