Ватыканскі арцыбіскуп падвёў вынікі 2015 года |
Рымская курыя |
28.12.2015 17:33 |
Вынікі адыходзячага 2015 года падвёў адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў Папы Францішка, субстытут Дзяржсакратарыятa арцыбіскуп Анджэла Бэчу. У першую чаргу высокі ватыканскі іерарх адзначыў важнасць устанаўлення Святым Айцом Юбілейнага Годa Міласэрнасці. «Тое, што мяне найбольш уразіла і што захоўваю ў памяці, гэта момант, калі Папа Францішак паведаміў мне пра гэта, пазнаёміў з ідэяй устанаўлення Святога Года. Я бачыў у ім вялікую радасць, бо ён разумеў і разумее, што дае свету ўнікальную магчымасць: адчуць міласэрнасць Бога», — падзяліўся сваімі думкамі з Ватыканскім радыё арцыбіскуп. Паводле слоў іерарха, Пантыфік не заклапочаны прыцягненнем «акіянічных хваляў» людзей y Рым, і менавіта таму пажадаў, каб Брамы Міласэрнасці былі адчынены ва ўсіх дыяцэзіях свету. «Ён заклапочаны тым, каб кожны меў магчымасць з лёгкасцю адчуць на сабе дабрыню, міласэрную любоў Бога», — дадаў субстытут. Узгадваючы пра кастрычніцкі Сінод Біскупаў на тэму сям’і, іерарх адзначыў, што «сінадальны стыль» павінен пранікнуць ва ўсе ўзроўні жыцця Касцёла: у парафіі, душпастырскія і святарскія рады, дыяцэзіі. На думку арцыбіскупа, неабходна, каб там існавала магчымасць выказваць меркаванні і каб кожны вернік адчуваў сваю адказнасць на этапе распрацоўкі дакументаў ці ў моманты прыняцця рашэнняў. Адначасова з магчымасцю выказвацца неабходна таксама быць здольнымі прымаць меркаванні іншых. Такое «адзінства», паводле арцыбіскупа Бэчу, не азначае адмаўленне ад улады, якая павінна ўмешвацца, каб абагульняць розныя прапановы, што, аднак, няпроста. Субстытут Дзяржсакратарыята падкрэсліў, што Папа Францішак заклапочаны не толькі рэформай Рымскай курыі, якую цвёрда намераны працягваць, але ў першую чаргу дэхрысціянізацыяй свету, адчужэннем хрысціянскіх каштоўнасцяў, пераследам хрысціян. «Так, мы клапоцімся пра рэструктурызацыю курыі, але імкнёмся не вельмі засяроджвацца на саміх сабе, пашыраем позірк на ўвесь свет і адчуваем тэрміновую патрэбу ў распаўсюджванні Божага Слова», — сказаў адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў Пантыфіка. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |