Святы Пасад выступае супраць дыскрымінацыі хворых на праказу |
Рымская курыя |
29.01.2016 16:11 |
Выключэнне хворых на праказу з грамадскага жыцця зусім неабгрунтаванае, яно правакуе ў іх яшчэ большыя пакуты. Таму ватыканская дыкастэрыя заклікае дапамагчы ахвярам неабгрунтаванага сацыяльнага стыгматызавання жыць годным чынам. Гэта ўяўляе сабой канкрэтны знак салідарнасці, сапраўднага братэрства і міласэрнасці, да чаго заклікае Юбілейны Год. Арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі спасылаецца на пасланне Святога Айца на Сусветны дзень хворага, які будзе адзначацца ў Каталіцкім Касцёле 11 лютага. Папа Францішак заклікаў браць прыклад з Марыі, якая мае «пільныя і добрыя вочы», «матчынае і поўнае міласэрнасці сэрца». У Яе клопаце, паводле слоў Папы, адлюстроўваецца пяшчота Бога, тая ж, якую нясуць хворым асобы, што клапоцяцца пра іх. Каб звярнуць большую ўвагу на выклікі, звязаныя з праказай, Папская рада пастырства работнікаў сферы аховы здароўя правядзе 10-11 чэрвеня ў Ватыкане спецыяльны семінар, прысвечаны гэтай праблематыцы. 12 чэрвеня на плошчы св. Пятра Пантыфік узначаліць Эўхарыстыю з нагоды Юбілею хворых. Старшыня Папскай рады падзякаваў людзям, якія робяць усё магчымае па лячэнні і доглядзе за тымі, хто быў выкінуты на ўзбочыну грамадства па прычыне праказы, якая ў многіх краінах яшчэ мае эндэмічны характар. Cусветны дзень дапамогі хворым на праказу адзначаецца штогод у апошнюю нядзелю першага месяца года; сёлета гэта 31 студзеня. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |